навіны

У Менску знайшоўся пенсіянер, які працягвае працаваць у свае 93 гады

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Pxhere.com, CC0
podpis źródła zdjęcia

У Менгарвыканкаме распавялі, колькі гадоў найстарэйшаму працоўнаму пенсіянеру ў Беларусі.

Як паведаміла намесніца старшыні камітэту працы, занятасці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму Вольга Васілеўская, у органах сацыяльнай абароны Менску на ўліку стаіць больш за 470 тысяч атрымальнікаў пенсіяў. Пры гэтым траціна гэтых людзей працягвае працаваць, а найстарэйшаму пенсіянеру, які дагэтуль працуе на карысць краіны, як высветлілася, ажно 93 гады! Шкада, што ў Менгарвыканкаме не ўдакладнілі, кім дакладна працуе гэты мужчына ў такім паважным узросце.


Нагадаем, пасля пандэміі сярэдняя чаканая працягласць жыцця беларусаў пры нараджэнні, згодна са звесткамі ААН, прыкметна знізілася. Асабліва заўважным гэтае зніжэнне было для мужчынаў, якія з 2019-га да 2021-га «страцілі» амаль 2,5 года жыцця (з 69,7 года да 67,3 года). Паводле гэтай жа статыстыкі, мужчыны ў Беларусі ў сярэднім жывуць на 10,4 года менш за жанчын.


Сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі складае 72,4 года: 67,3 для мужчынаў і 77,7 для жанчын. Выходзіць, што сярэдняя працягласць жыцця пасля выхаду на пенсію для мужчынаў сёння складае 4,3 года, а для жанчын – 19,7. Розніца паміж мужчынскім і жаночым тэрмінам складае ажно 15,4 года. У сярэднім беларуска цяпер можа пражыць на пенсіі амаль у чатыры разы даўжэй, чым беларус. Зразумела, гаворка ідзе аб працоўных пенсіях паводле ўзросту, а не за выслугу гадоў.


Пры гэтым ад надзейных крыніцаў «Белсат» нядаўна даведаўся, што беларускія чыноўнікі абмяркоўваюць магчымасць павысіць пенсійны ўзрост на два гады. Пастанова пакуль не прынятая, але праект дакументу ўжо гатовы. Нашыя крыніцы сцвярджаюць, што паступовае павышэнне пачнецца ўжо з 2026 года. І калі падчас папярэдняга павышэння пенсійнага ўзросту кожны год дадавалася паўгода, то цяпер яго збіраюцца павышаць адразу на год: плюс адзін у 2026-м і яшчэ плюс адзін у 2027-м. Такім чынам, праз два гады жанчыны, як плануецца, будуць выходзіць на пенсію ў 60 гадоў, а мужчыны – у 65.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10