У Беларусі збіраюцца будаваць майнінгавыя фермы. Адзначаецца, што праект падтрымаў Аляксандр Лукашэнка. «Белсат» спытаў у эспертаў, навошта беларускія ўлады пачалі гуляць у крыптагульні і што з гэтага можа атрымацца.
Рыхтуюцца пляцоўкі
Пра тое, што праца па падрыхтоўцы пляцовак для будаўніцтва майнінгавых фермаў ужо ідзе, 21 сакавіка заявіў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.
Ён адзначыў, што ў Магілёўскай вобласці ёсць добрыя пляцоўкі з энергетычнымі магутнасцямі – «усё неабходнае для таго, каб будаваць дата-цэнтры, майнінгавыя фермы». Пры гэтым Ісачанка дадаў, што сваю згоду на ажыццяўленне гэтага праекту даў і Аляксандр Лукашэнка, таму зараз праводзіцца падрыхтоўка гэтых пляцовак з мэтай далейшага правядзення конкурсаў, «каб заходзіў інвестар і займаўся будаўніцтвам».
Прадстаўнік даследчыцкага цэнтру «MD Academicum» Яраслаў Кот адзначыў у размове з «Белсатам», што асноўны матыў уладаў – выкарыстанне лішкаў электраэнергіі, якія ўтварыліся пасля запуску Беларускай АЭС. Ён заўважае, што першапачатковыя планы Лукашэнкі па продажы гэтай энергіі на Захад праваліліся, а кошты на яе ўнутры краіны пайшлі ўверх.
Зараз, паводле эксперта, Лукашэнка шукае варыянты, куды дзець лішкі электраэнергіі, і спрабуе «ўлезці ў крыптатэму». Яраслаў Кот падкрэслівае, што гэта адбываецца не ўпершыню, такія спробы ўжо рабіліся раней, нават былі створаныя беларускія крыптагрошы – Belkа.
Сапраўды, паняцці «майнін», «блокчэйн», «токен» у беларускім заканадаўстве з’явіліся яшчэ ў 2017 годзе, калі Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі», мэта якога была, як тады заяўлялі, «стварыць такія ўмовы, каб сусветныя ІТ-кампаніі прыходзілі ў Беларусь, адкрывалі свае прадстаўніцтвы, цэнтры распрацовак і стваралі запатрабаваны ў свеце прадукт». Разгон для палёту спыніў 2020 і 2022 год, калі ў выніку фальсіфікацыяў выбараў і саўдзелу Беларусі ў вайне шматлікія ІТ-кампаніі пакінулі нашу краіну, каб знайсці больш бяспечнае месца для вядзення бізнесу.

Кітаю – дарогу
На думку Яраслава Ката, майнінг можа быць выкарыстаны як сродак абыходу санкцый, што практыкуе, напрыклад, Паўночная Карэя. Разам з тым ён прызнае, што такі праект можа быць эканамічна акупным, бо кошт электраэнергіі ў Беларусі ніжэйшы за еўрапейскі.
Звесткі пра інвеставанне ў беларускія майнінгавыя фермы кітайскіх кампаній выклікаюць шмат пытанняў, бо вядома, што Кітай хоча інвеставаць у праект 60 мільёнаў долараў. Кот адзначае, што для Кітая гэта частка глабальнай стратэгіі.
,,«Яны будуюць аэрапорты і парты ў Афрыцы і заўсёды ўтрымліваюць кантроль над гэтай інфраструктурай. Для кітайцаў гэта частка іх так званай soft power [мяккай сілы]. Яны так прасоўваюць свае інтарэсы і ўсё больш купляюць іншыя краіны, яны каланізуюць дзяржаву. А атрымаць сабе каланізаваную краіну ў цэнтры Еўропы – гэта было б вельмі цікава для іх», – адзначае Яраслаў Кот.
Эксперт дапускае, што ўзамен за свае інвестыцыі Кітай можа патрабаваць зямельныя рэсурсы ці іншыя стратэгічныя аб’екты. «Лукашэнка гатовы прадаць нават кавалачак зямлі, каб яшчэ некалькі гадоў пакіраваць», – рэзюмуе ён.

Крыпта – для выхаду з ізаляляцыі
Крыптавалюты як з’ява, тлумачыць навуковец, аналітык тэхналогіяў Сяргей Бесараб, гэта, безумоўна, вельмі зручны варыянт для краіны, якая знаходзіцца амаль у поўнай ізаляцыі.
«Крыптавалюта вельмі спрашчае шэрыя плацяжы, адмыванне грошай і г.д. Нездарма з пачаткам вайны ў РФ адбыўся сапраўдны выбух цікавасці да крыптавалют», – адзначае навуковец.
Пры гэтым Сяргей Бесараб адзначае, што абсталяванне, якое выкарыстоўваецца для майнінгу, патрабуе абнаўлення, што даволі затратна. Акрамя таго, сёння ўжо прагрэс пайшоў наперад, і ўжо выкарыстоўваюцца новыя механізмы працы з крыптавалютамі, для якіх кампутарнае «жалеза» ў прынцыпе не патрэбнае, актыўна развіваецца хмарны майнінг і г.д.
,,«Таму, калі я чытаю навіны пра тое, што дзяржава збіраецца пабудаваць фермы на Магілёўшчыне, то мяне не пакідае ўражанне, што я вярнуўся ў 2015 год. То бок у іх адставанне як мінімум на дзесяць гадоў. Мне гэта паказвае, што кансультанты і нейкія эксперты ў Лукашэнкі жывуць абсалютна ў мінулым і не арыентуюцца ў гэтай тэме ўвогуле», – адзначае Сяргей Бесараб.
Акрамя таго, эксперт адзначае праблему зношаных энергасетак, якія не гатовыя да дадатковай нагрузкі: «Калі пабудуюць буйныя фермы, павялічыцца колькасць інцыдэнтаў на энергасетках. Рамонтнікам трэба будзе выязджаць, і людзі будуць заставацца без святла».
З улікам таго, як па некалькі тыдняў ішло на ўзнаўленне энергасетак пасля разгулу стыхіі ўлетку 2024 года, калі на аднаўленне ішло па некалькі тыдняў, то цяпер даць рады ў такіх выпадках будзе зусім складана, лічыць Сяргей Бесараб.
«Уявіце, калі ў гэтае ўраўненне яшчэ дадаць майнінгавыя фермы – гэта проста вар’яцтва. Таму, хутчэй за ўсё, я лічу, што гэта проста папулізм, як і ўсё ў Лукашэнкі. Яны нічога не пабудуюць. Там знойдзецца які-небудзь адэкватны чалавек, які скажа: “Проста супакойцеся”», – мяркуе навуковец.
Раман Шавель belsat.eu