Міністэрства працы і сацабароны Беларусі растлумачыла, што павінен ведаць здальны работнік пра свае правы.
У міністэрстве расказалі, што часцей за ўсё ім задаюць пытанні пра тое, што ў такім выпадку называецца працоўным месцам.
Мінпрацы адказвае: калі наймальнік не абсталёўвае і не дае работніку асобнае працоўнае месца, той мае права самастойна выбіраць, дзе выконваць свае абавязанні. Пры гэтым графік работы і перапынкі абавязкова ўзгадняюцца з наймальнікам і фіксуюцца ў працоўнай дамове. Апошні час лічыцца непрацоўным, і наймальнік не мае права турбаваць працаўніка (з выняткам вельмі рэдкіх выпадкаў).
Акрамя таго, дыстанцыйная форма працы ніяк не адбіваецца на працоўным стажы і пенсіі – яны падлічваюцца, як звычайна. Наймальнік абавязаны забяспечыць здальнага працаўніка ўсім неабходным абсталяваннем, калі гэта прадугледжана працоўнай дамоваю.
Калі чалавек падчас працы ў доме атрымлівае траўму, яе можна лічыць вытворчай. Але толькі пры ўмове, што гэта адбылося пры выкананні абавязанняў і з выкарыстаннем абсталявання, інструментаў (механізмаў), якія даў наймальнік. Гэта азначае, што ў выпадку бальнічнага лістка вам павінны будуць аплаціць 100 % заробку за кожны дзень хваробы (пры бытавой траўме плацяць толькі 80 %).
І яшчэ адзін важны нюанс: калі працаўнік арандуе якое-небудзь абсталяванне для сваёй працы (напрыклад, фотакамеру ці прылады), ён можа прэтэндаваць на кампенсаванне. Пры выкарыстанні ўласнага абсталявання ён таксама мае права на кампенсацыю амартызацыі і рамонту. Але гэтае правіла таксама павінна быць прапісанае ў працоўнай дамове.
Тэса Анэйда / belsat.eu