У «Prizma» на станцыі метро «Партызанская» адкрыецца «адна з самых вялікіх у краіне» крамаў беларускай сеткі «Swed House», у якой нібыта прадаюцца тавары брэнду «IKEA», што сышоў з беларускага рынку пасля пачатку вайны ва Украіне.
Пра гэта піша «Myfin.by» са спасылкаю на кампанію-дэвелопера «Сігмаполюс». Паведамляецца, што новая крама «Swed House» прапануе тавары «IKEA» і вырабы ўласнай вытворчасці ад фабрык, якія раней працавалі са шведскім брэндам.
«Усе тавары будуць вытрыманыя ў стылі мінімалізму і адпавядаць высокай якасці вядомай маркі», – паведамляе кампанія, дапаўняючы, што на ўсе пазіцыі застануцца даступныя цэны.
У ТЗЦ разлічваюць, што з новай крамаю напаўняльнасць перавысіць 84 % і гэта будзе «адным з самых высокіх паказнікаў у гісторыі гандлёвай нерухомасці ў Менску».
Нагадаем, раней «Белсат» ужо пісаў пра гэтую кампанію. Пасля сыходу «IKEA» і «Jysk» з расейскага і беларускага рынкаў кампанія «Мердэм», уладальніца беларускага брэнду «Swed House», вельмі хутка адчула кан’юнктуру. Яна звязалася з вытворцамі прадукцыі, якая выраблялася для «IKEA», і пачала рабіць такую ж, але ўжо пад сваім брэндам. Так бы мовіць, «тавары-аналагі».
У размове з «Белсатам» прадстаўнікамі кампаніі «Мердэм» у 2023 годзе падкрэслівалі, што тавары пад брэндам «Swed House» не ёсць таварамі з «IKEA», як часта кажуць шыльды на саміх крамах. То бок «нейкія нязначныя адрозненні ў іх усё ж маюцца, але, не ведаючы падрабязнасцяў, пакупнік не адрозніць адразу тавар «Swed House» ад тавару «IKEA».
Тэса Анэйда / belsat.eu