Група нямецкіх падарожнікаў на яхце выпадкова знайшла ў Атлантычным акіяне лодку з целамі загінулых бежанцаў.
Жахлівую знаходку зрабілі Міхаэль Атуг і ягоныя сябры, якія плылі з Канарскіх астравоў да Гвадэлупы ў Карыбскім моры, піша выданне «Bild».
На 11-ы дзень падарожжа яны заўважылі старую драўляную лодку, падобную да тых, што выкарыстоўваюць рыбакі Сенегалу.
Спачатку здавалася, што яна пустая, але хутка яхтсмены адчулі моцны смурод і заўважылі акулу побач з суднам.
,,«Уся падлога васьміметровай, цяжкай, старой драўлянай лодкі быў завалены мёртвымі целамі. Мужчынамі, жанчынамі і, магчыма, дзецьмі. Карабель мерцвякоў. Цяжка сказаць, колькі іх было. Верагодна, яны памерлі ад спёкі, голаду і смагі самым жахлівым чынам», – апавёў Атуг у размове з «Bild».
Нямецкія маракі мяркуюць, што лодка ішла з Заходняй Афрыкі да Канарскіх астравоў. На такіх суднах звычайна дзясяткі бежанцаў спрабуюць трапіць у Еўропу.
«Яны змагаліся за сваё жыццё да канца. Ніхто не заслугоўвае такога. Спадзяюся, калі-небудзь нелегальныя перавознікі мігрантаў атрымаюць за гэта справядлівае пакаранне», – дадаў Атуг.
Пра жахлівую знаходку падарожнікі паведамілі іспанскай берагавой ахове, але там адмовіліся буксіраваць судна. Сенегальскія ўлады таксама не дапамаглі.
У выніку лодка з трупамі, імаверна, застаецца дрэйфаваць у адкрытым моры, а яе гісторыя так і не атрымала справядлівага завяршэння.
Раман Шавель belsat.eu