Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што польскія службы спыняюць 98 % спробаў незаконнага мінання мяжы з Беларуссю. Ён апублікаваў відэа, як група мігрантаў падыходзіць да польскай мяжы з беларускага боку.
22 сакавіка Дональд Туск разам з віцэ-прэм’ерам і міністрам абароны Уладыславам Касінякам-Камышам, а таксама міністрам унутраных справаў і каардынатарам спецслужбаў Томашам Семонякам наведаў польска-беларускую мяжу. Падчас сустрэчы з камандаваннем войска, памежнай службы і паліцыі ён паведаміў, што атрымаў дакументальныя пацверджанні таго, што ўлады Беларусі арганізацыйна і палітычна падтрымліваюць міграцыйны ціск на Польшчу.
,,«Мы ведаем таксама і пра расейскі ўдзел, таму маем справу не толькі з дзяржаўным механізмам, але і з кантрабандысцкай структурай», – заявіў Туск.
Ён адзначыў, што польскія службы працягваюць затрымліваць міжнародныя групы, якія займаюцца нелегальнай перапраўкай мігрантаў праз мяжу. «Кожны, хто ўдзельнічае ў незаконным гандлі мігрантамі, ёсць часткаю бруднага бізнесу», – падкрэсліў польскі прэм’ер.
Са словаў Туска, для аховы мяжы цяпер задзеяныя 11 тысяч польскіх сілавікоў. Акрамя таго, на будаванне памежнай агароджы было выдаткавана 2,7 млрд злотых. Польшча рыхтуе новы закон, што дазволіць прыпыняць прыём заяваў на атрыманне прытулку ад тых, хто незаконна пройдзе мяжу. Дакумент чакае подпісу польскага прэзідэнта.
Прэм’ер адзначыў, што абарона польска-беларускай мяжы – гэта агульная задача для Еўропы і NATO.
Туск адзначыў, што Польшча мабілізуе Еўропу для аховы ўсходняй мяжы як агульнага абавязку. «Як "Усходні шчыт", то бок вайсковы аспект аховы мяжы, так і абарона мяжы ад нелегальных пераходаў ёсць агульным еўрапейскім абавязкам – абавязкам NATO, але перш за ўсё еўрапейскім… Гэта звязана з фінансаваннем такіх дзеянняў і стварэннем усё больш развітай інфраструктуры для аховы гэтай мяжы», – дадаў прэм’ер.
Акрамя таго, Туск паведаміў, што Польшча неўзабаве атрымае дадатковыя дроны для аховы мяжы.
Акрамя таго, прэм’ер-міністр апублікаваў відэа з польска-беларускай мяжы, на якім відаць, як група мігрантаў рухаецца з беларускага боку да агароджы.
«Група мігрантаў, якіх, хутчэй за ўсё, мэтанакіравана падвезлі службы Беларусі, набліжаецца цяпер да месца нашай сустрэчы», – адзначыў ён.
Раман Шавель belsat.eu