Кітай разглядае магчымасць далучэння да міратворчай місіі ва Украіне, але гэтае пытанне застаецца вельмі далікатным.
Паводле выдання «Welt», кітайскія дыпламаты звярталіся да прадстаўнікоў Еўразвязу, каб даведацца, наколькі Еўропа ўважае ўдзел Пекіну ў такой місіі прымальным або пажаданым.
«Залучэнне Кітаю ў "Кааліцыю ахвочых" можа патэнцыйна ўзмацніць згоду Расеі на прысутнасць міратворчых войскаў ва Украіне», – адзначылі ў дыпламатычных колах, падкрэсліўшы, што ў любым выпадку пытанне застаецца «далікатным».
Тым часам прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон анансаваў новы саміт «Кааліцыі ахвочых», што адбудзецца ў чацвер, 27 сакавіка, у Парыжы. На ім будзе прысутнічаць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Францыя і Вялікая Брытанія разглядаюць магчымасць адпраўкі міратворцаў ва Украіну пры ўмове спынення агню, хоць Масква раней катэгарычна адхіляла гэтую ідэю. Лондан заяўляе, што ў «Кааліцыі ахвочых» могуць удзельнічаць больш за 30 краінаў.
На гэтым фоне Вашынгтон працягвае дыпламатычныя намаганні і рыхтуецца да перамоваў з Масквой і Кіевам, што адбудуцца ў панядзелак. Макрон адзначыў, што адхіленне Расеяй 30-дзённага замірэння, якое падтрымліваюць ЗША і Украіна, сведчыць пра яе нежаданне сур’ёзна разглядаць мірнае ўладкаванне канфлікту. Ён падкрэсліў, што штодзённыя расейскія атакі беспілотнікамі і ракетамі пацвярджаюць адсутнасць у Масквы імкнення да міру.
Раман Шавель belsat.eu