навіны

У Беларусі павялічылі ліміт выплатаў пры афармленні ДТЗ паводле Еўрапратаколу

ДТЗ
ДТЗ. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: av.by
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі павялічылі суму страхавой кампенсацыі пры афармленні ДТЗ без выкліку ДАІ (паводле Еўрапратаколу) з 800 еўраў да 150 базавых велічыняў (6300 рублёў, ці 1774 еўры згодна з курсам на 22 сакавіка 2025 года). Гэта вынікае з указу Лукашэнкі № 108 «Аб страхаванні» ад 18 сакавіка 2025 года, што апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 22 сакавіка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: abw.by

У Беларусі плануюць павялічыць магчымасці афармлення еўрапратаколу пры ДТЗ

навіны

Пры афармленні ДТЗ паводле Еўрапратаколу ўдзельнікам здарэння трэба запоўніць адпаведны бланк без удзелу ДАІ. На яго падставе страхавая кампанія выплаціць кампенсацыю. Вінаваты ў ДТЗ у такім выпадку не прыцягваецца да адміністратыўнай адказнасці.


Кансультацыі наконт афармлення аварыі без выкліку ДАІ можна атрымаць праз кароткі нумар 140.


Раней максімальная сума, якую можна было атрымаць ад страхавой паводле Еўрапратаколу, складала 800 еўраў у эквіваленце ў беларускіх рублях (2840 рублёў згодна з актуальным курсам). Цяпер – 6300 рублёў. Акрамя таго, указам прадугледжаныя выплаты пацярпелым у выпадку прычынення шкоды жыццю ці здароўю ў выніку ДТЗ з удзелам дзікіх жывёлінаў. Выплатаў за пашкоджаную маёмасць не прадугледжана. 


Указ падпісаны 18 сакавіка 2025 года і набудзе моц праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання, то бок 23 красавіка 2025 года.


Паводле правілаў дарожнага руху, кіроўца мае права не паведамляць пра ДТЗ у ДАІ, калі:


•   у выніку ДТЗ шкода прычыненая толькі транспартавым сродкам;


•   ДТЗ адбылося з удзелам двух транспартавых сродкаў;


•   асобы, якія кіравалі транспартавымі сродкамі, маюць права на кіраванне транспартавым сродкам адпаведнай катэгорыі;


•   у дачыненні транспартавых сродкаў маюцца дзейныя дамовы абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці кіроўцаў;


•   абставіны прычынення шкоды транспартавым сродкам, іх характар і пералік не выклікаюць рознагалоссяў у кіроўцаў;


•   кіроўцы не выстаўляюць прэтэнзіяў да стану адзін аднаго, не перабываюць у стане алкагольнага ап’янення ці пад уздзеяннем наркатычных ці псіхатропных рэчываў;


•   шкода, нанесеная кожнаму транспартаваму сродку, што ўдзельнічаў у ДТЗ, ацэньваецца кіроўцамі ў памеры не больш за 150 базавых велічыняў.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10