21 сакавіка ў Лондане прайшлі стратэгічныя кансультацыі Форын Офісу (Міністэрства замежных справаў Вялікай Брытаніі) з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Дэмакратычным сілам было выдзелена 2,5 мільёна фунтаў (3 мільёны 230 тысячаў долараў), а Ціханоўскую запрасілі на Еўрапейскі палітычны сход.
Брытанскі бок на кансультацыях узначальваў дырэктар дэпартаменту ў пытаннях Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Форын Офісе (Міністэрстве замежных справаў) Крыс Алан, беларускі бок – дарадца Святланы Ціханоўскай у дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі.
З брытанскага боку ў кансультацыях узялі ўдзел 12 чалавек – адмыслоўцы, якія займаюцца пытаннямі Беларусі і рэгіёну.
Падчас сустрэчы абмяркоўвалі:
• Палітычную сітуацыю і правы чалавека – важным пунктам сталася праблема транснацыянальных рэпрэсіяў супраць беларусаў. Удзел у гэтай панэлі бралі дарадца Святланы Ціханоўскай у юрыдычных пытаннях Леанід Марозаў і кіраўнік фонду «ByHelp» Аляксей Лявончык.
• Культуру і дыяспару – узаемадзеянне з беларускай грамадзянскай супольнасцю за мяжою. Удзел у панэлі бралі прадстаўніца Рады культуры Надзея Гарэцкая і намесніца прадстаўніцы ў сацыяльнай палітыцы ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Ірына Маклейн.
• Медыі і барацьбу з прапагандаю – пра важнасць падтрымання беларускіх незалежных медыяў распавядалі журналістка Ганна Любакова і выканаўчы дырэктар iSANS Уладзімір Кобец.
У выніку сустрэчы былі створаныя працоўныя групы ў ключавых кірунках, а таксама дасягнутая дамоўленасць аб іх працоўных сустрэчах раз на паўгода. У брытанскім парламенце таксама створаная група «За свабоду і дэмакратыю ў Беларусі» з 24 дэпутатаў.
Вялікая Брытанія выдзеліла 2,5 мільёна фунтаў (3 мільёны 230 тысячаў долараў) на падтрыманне Беларусі, а Святлану Ціханоўскую запрасілі на Еўрапейскі палітычны сход.
Офіс Святланы Ціханоўскай зазначае, што сёння Вялікая Брытанія адыгрывае ключавую ролю ў падтрыманні дэмакратыі ў Беларусі.
,,«Унікальны ўзровень увагі – раней ніколі не было асобных кансультацыяў і такога асаблівага стаўлення да Беларусі. Гэта новы этап у стасунках паміж дэмакратычнай Беларуссю і ўрадам Вялікай Брытаніі. Дэмакратычная Беларусь можа стацца адным з асноўных прыярытэтаў у міжнароднай палітыцы Вялікай Брытаніі», – гаворыцца на сайце Святланы Ціханоўскай.
Вялікая Брытанія не прызнала вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, што прайшлі ў студзені 2025 года. Міністр замежных справаў Дэйвід Лэмі заявіў:
«Свет даўно прызвычаіўся да цынічнай імітацыі дэмакратыі з боку Лукашэнкі ў Беларусі, у той час як на самой справе ён жорстка душыць грамадзянскую супольнасць і галасы апазіцыі, каб узмацніць сваю ўладу. Вялікая Брытанія разам з нашымі партнёрамі будзе і далей падтрымліваць народ Беларусі і выкрываць тых, хто адмаўляе яму ў законным праве на свабоду і дэмакратыю».
Марыя Міхалевіч belsat.eu