Спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Стыў Ўіткаф паведаміў у інтэрв’ю журналісту Такеру Карлсану, што ва Украіне пройдуць прэзідэнцкія выбары, анансаваў мараторый на ўдары ў Чорным моры і назваў ключавое, на думку амерыканскіх уладаў, пытанне ў канфлікце.
Паводле спецпрадстаўніка Трампа, украінскія ўлады згодныя на правядзенне прэзідэнцкіх выбараў найбліжэйшым часам.
«Яны пагадзіліся на гэта. Выбары ва Украіне адбудуцца», – сказаў Ўіткаф.
Чыноўнік заявіў, што Украіна пагадзілася, што не будзе сябрам NATO нават пасля заканчэння вайны.
Акрамя таго, спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША анансаваў асабістую сустрэчу Трампа і Пуціна цягам некалькіх месяцаў.
Ўіткаф таксама расказаў, што перадаў Трампу ягоны партрэт, які чыноўніку падчас сустрэчы ўручыў Пуцін.
,,«Калі ў Трампа стралялі, Пуцін пайшоў у сваю мясцовую царкву, сустрэўся са святаром і маліўся за яго. Я перадаў гэтае пасланне Трампу і ўручыў карціну. Гэта яго так расчуліла», – сказаў спецпрадстаўнік.
Паводле словаў Ўіткафа, самае спрэчнае пытанне ў расейска-ўкраінскай вайне – чатыры рэгіёны: Данбас, Крым, Луганск і яшчэ адзін.
«Гэтыя тэрыторыі – расейскамоўныя, і там праводзіліся рэферэндумы, дзе большасць людзей выказалася за тое, каб быць пад уладаю Расеі. Я думаю, гэта ключавое пытанне ў гэтым канфлікце», – сказаў прадстаўнік Трампа.
Ўіткаф назваў пытанне акупаваных тэрыторыяў «сланом у пакоі», пра якога ніхто не хоча казаць.
,,«Слон у пакоі – гэта канстытуцыйныя пытанні ва Украіне датычна таго, у чым яны могуць саступіць, калі гаворка ідзе пра адмову ад тэрыторыяў. Расейцы дэ-факта кантралююць гэтыя тэрыторыі. Пытанне ў тым, ці прызнае свет, што гэта тэрыторыі Расеі? Ці здолее Зяленскі выжыць палітычна, калі ён гэта прызнае? Гэта і ёсць цэнтральнае пытанне ў канфлікце», – сказаў амерыканскі чыноўнік.
Стыў Ўіткаф паведаміў таксама, што ўжо неўзабаве будзе ўведзены мараторый на ўдары ў Чорным моры, а канчатковая мэта перамоваў паміж ЗША, Украінай і Расеяй – дасягненне 30-дзённага перамір’я, падчас якога бакі абмяркуюць магчымасць поўнага спынення агню.
Паводле Ўіткафа, ужо быў зроблены значны крок наперад – пагадненне аб спыненні агню па энергетычнай інфраструктуры.
«Яны ніколі не казалі пра гэта раней. Цяпер мы гаворым пра гэта. Яны ніколі не казалі пра аднаўленне мараторыю на марскія ўдары ў Чорным моры. Гэта будзе зрэалізавана цягам наступнага тыдня ці каля таго», – сказаў прадстаўнік Трампа.
Марыя Міхалевіч belsat.eu