Шматтысячныя пратэсты ў Паўночнай Македоніі і Турцыі. Фатаграфіі тыдня
22.03.2025, 01:09
Македонец Драгі Стаянаў плача, трымаючы здымак сына Томчэ – адной з ахвяраў пажару ў начным клубе, у выніку якога, паводле апошніх звестак, загінулі 59 чалавек, а 155 атрымалі траўмы. Сярод загінулых было шмат падлеткаў. Тысячы людзей выйшлі на акцыю пратэсту ў горадзе Кочані, абвінавачваючы ўлады ў карупцыі і патрабуючы справядлівага расследавання трагедыі. Кочані, Паўночная Македонія. 17 сакавіка 2025 года. Фота: Armin Durgut / AP Photo / East News
podpis źródła zdjęcia
Шматтысячныя пратэсты ў Паўночнай Македоніі пасля пажару ў начным клубе, што забраў жыцці 59 асобаў, стыхійныя дэманстрацыі ў Турцыі праз затрыманне мэра Стамбулу, эвакуацыя жыхароў сектару Газа ў выніку аднаўлення ізраільскіх авіяўдараў і наземнай аперацыі Цагалю, 58-ы абмен ваеннапалоннымі паміж Расеяй і Украінай – сабралі галоўныя здымкі тыдня ў падборцы.
Студэнты выкрыкваюць лозунгі падчас акцыі пратэсту супраць перагляду вайсковага заканадаўства перад будынкам Палаты прадстаўнікоў у Джакарце. Парламент краіны прыняў закон, які пашырае ролю вайскоўцаў ва ўрадзе, дазваляючы ім займаць дзяржаўныя пасады без неабходнасці папярэдняй адстаўкі або звальнення з узброеных сілаў, нягледзячы на крытыку грамадства. Джакарта, Інданезія. 20 сакавіка 2025 года. Фота: Aditya Irawan / NurPhoto via AFP / East News.
Крытыкі папярэджваюць, што гэты крок можа вярнуць Інданезію да змрочнага часу вайсковай дыктатуры Сухарта, што трывала 32 гады, пакуль ён не быў вымушаны пакінуць сваю пасаду ў 1998-м.
Магілы ахвярам буйнога пажару ў начным клубе капаюць экскаватарам на могілках у горадзе Кочані, Паўночная Македонія. 18 сакавіка 2025 года. Фота: Armin Durgut / AP Photo / East News
Украінскі вайсковец плача, вярнуўшыся з расейскага палону ва Украіну. У межах 58-га абмену ваеннапалоннымі паміж Расеяй і Украінай апошняя вярнула 95 вайскоўцаў. Агулам з расейскага палону былі вызваленыя 3767 украінцаў. 19 сакавіка 2025 года. Фота: Efrem Lukatsky / AP Photo / East News
Сваякі закладнікаў, якіх баевікі «Хамасу» трымаюць у сектары Газа, набліжаюцца да мяжы з Газай у суправаджэнні ізраільскіх салдатаў, заклікаючы да вызвалення і выказваючы занепакоенасць тым, што аднаўленне баёў у Газе ставіць пад пагрозу жыцці іхных блізкіх. 18 сакавіка 2025 года. Фота: Ohad Zwigenberg / AP Photo / East News
Маці траіх дзяцей і парамедык 24-й механізаванай брыгады ЗСУ, 51-гадовая Наталля бярэ ўдзел у палявых вучэннях у невядомым месцы ва ўсходнім рэгіёне Украіны. 18 сакавіка 2025 года. Фота: Roman Pilipey / AFP / East News
Палестынцы з дзецьмі пакідаюць горад Бэйт-Ханун (Beit Hanun) на поўначы сектару Газа пасля загадаў Ізраілю аб эвакуацыі. Нягледзячы на дзейны з 19 студзеня рэжым спынення агню, 18 сакавіка Ізраіль пачаў ізноў абстрэльваць Газу, Цагаль абвесціў пра пачатак наземнай аперацыі ў сектары Газа. 19 сакавіка 2025 года. Фота: Bashar Taleb / AFP / East News
Тысячы людзей сабраліся ля мэрыі Стамбулу на знак пратэсту супраць арышту мэра гораду Экрэма Імамаглу, якога лічаць галоўным супернікам дзейнага прэзідэнта Рэджэпа Эрдагана на будучых прэзідэнцкіх выбарах. Імамаглу – фігурант двух расследаванняў: яго падазраюць у карупцыі і сувязях з тэрарыстычнымі арганізацыямі. У межах расследаванняў затрыманыя больш за 100 чалавек. Стамбул, Турцыя. 19 сакавіка 2025 года. Фота: Emrah Gurel / AP Photo / East News