Былога мытніка затрымалі з мехам на галаве і пакаралі нібыта за «здраду дзяржаве». Падрабязней пра гэта і іншыя парушэнні правоў у Беларусі ў аглядзе рэпрэсіяў.
У Магілёве 5 мужчын пакаралі паводле абвінавачвання ў падпале кіёска ў 2020 годзе. Узгаранне заўважылі мінакі і яго ліквідавалі МНС.
Як паведаміў «MAYDAY.TEAM», у судзе Ленінскага раёна Магілёва 12 сакавіка асудзілі Яўгена Пуценкова, Яна Рагаўцова, Юрыя Галачкіна, Віктара Ічэнскага, Аляксандра Ігнаценка паводле ч. 2 арт. 218 («Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці») і ч. 3 арт. 339 («Хуліганства») Крымінальнага кодэкса. Працэс вяла суддзя Святлана Кацапава.
Аднаму з магілеўчан прызначылі 6 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, другому – 5,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Траім іншым абвінавачваным прызначылі па 3 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Паводле праваабаронцаў, на момант суда двое з іх – Яўген Пуценкоў і Ян Рагаўцоў – адбывалі пакаранне за раней здзейсненае злачынства. Першы – за махлярства, другі – за махлярства і кражу.
400 чалавек прызналі падазраванымі па крымінальнай справе, звязанай з удзелам у вулічных акцыях у дзень выбараў у Беларусі 26 студзеня, піша «Вясна».
«Па месцах рэгістрацый і на аб'ектах рэальнай уласнасці дэананімізаванага экстрэмісцкага актыву праведзены ператрусы. Выяўляецца маёмасць і нерухомасць, на якія накладаецца арышт для наступнага забеспячэння кампенсацыі прычыненай дзяржаве шкоды. У рамках расследавання ўсе ўдзельнікі вулічных дзеянняў за мяжой, а гэта каля 400 чалавек, прызнаныя падазраванымі па крымінальнай справе», – заявіў Следчы камітэт.
СК пужае, што збіраецца ідэнтыфікаваць усіх замежных удзельнікаў вулічных акцый з нагоды сёлетняга святкавання Дня Волі. А таксама пагражае завесці завочныя крымінальныя справы.
Былога мытніка Дзмітрыя Скубілава пакаралі за «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). З ім знялі прапагандысцкі фільм, піша «Вясна». Дзмітрыя пакаралі дзевяццю гадамі калоніі і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў. Яго абвінавацілі ў супрацоўніцтве з літоўскімі органамі дзяржаўнай бяспекі. Прысуд вынеслі яшчэ 9 снежня 2024 года, але пра яго стала вядома толькі цяпер – з прапагандысцкага фільма пра асуджанага.
«Вясна» распавядае, што ў фільме паказалі жорсткія кадры затрымання Дзмітрыя, але невядома, ці гэта была аператыўная здымка, ці пастановачная. У затрыманні прымалі ўдзел пяць супрацоўнікаў КДБ у поўным абмундзіраванні. На ім Скубілаву апранулі мех на галаву, закавалі рукі за спінай у кайданкі, а потым у нейкі момант ён апынуўся без верхняй вопраткі.
Экстрэмісцкай была прызнаная старонка «Гарадзенская Праваабарона» у Facebook. Адпаведнае рашэнне прыняў 19 сакавіка суд Ленінскага раёна Брэста. Таксама Спіс папоўнілі старонка ў Tiktok «ПАЛIТВЯЗЕНЬ», суполка ў «Аднакласніках», «Кобрин наш город», старонкі ў Facebook «Наталья Радина» і «Ілля Міронаў».
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 22 прозвішчы – цяпер у ім 5073 чалавекі, паведамляе «Вясна».
21 сакавіка МУС зрабіла абнаўленне «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі Паўла Данэйку, палітвязня Аляксандра Дарагакупца, былога кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука.
Арсен Рудэнка belsat.eu