Пасля таго як Следчы камітэт пачаў палохаць беларусаў адказнасцю за ўдзел у акцыях за мяжой на Дзень Волі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка заклікаў палякаў прыйсці на мітынг разам з беларусамі. А беларусам Латушка нагадвае пра захады засцярогі.
«Злачынствы рэжыму Лукашэнкі не абмяжоўваюцца межамі Беларусі. Больш за 600 тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну з-за атмасферы страху і тэрору, створанай дыктатарам, – піша Павел Латушка. – Але нават за мяжой яны сутыкаюцца з пераследам: завочнымі прысудамі, канфіскацыяй маёмасці, крымінальнымі справамі, спробамі забойстваў, гвалтам і ціскам на блізкіх у Беларусі. Усе гэтыя злачынствы носяць трансгранічны характар. Цяпер у Міжнародным крымінальным судзе з ініцыятывы ўраду Літвы распачатае папярэдняе расследаванне сітуацыі ў Беларусі».
Каб пазбегчы небяспекі, палітык раіць беларусам прыходзіць на акцыі ў акулярах, масках і парыках. А палякаў просіць падтрымаць беларусаў падчас акцыі 25 сакавіка ў Варшаве.
«У гэты важны момант мы звяртаемся да польскага грамадства: падтрымайце беларусаў! Прыходзьце разам з намі на акцыю ў абарону свабоды і дэмакратыі. Вам не пагражае небяспека – вы жывяце ў свабоднай краіне і знаходзіцеся пад абаронай вашай дзяржавы. [...] 23 сакавіка а 13:00 збяромся ў Варшаве на плошчы Трох крыжоў», – адзначыў Павел Латушка.
Следчы камітэт пагражаў беларусам крымінальнымі справамі і канфіскацыяй маёмасці, калі яны будуць заўважаныя на акцыях за мяжой.
Арсен Рудэнка belsat.eu