Лукашэнка пастанавіў рэанімаваць дырэктыву пра стратэгічныя дачыненні з Кітаем. На думку палітолага Аляксандра Казака, Лукашэнка захацеў пашырыць супрацу і вярнуцца ў шматвектарнасць, каб спрабаваць ураўнаважыць залежнасць ад Расеі і займець ад яе дыстанцыю. Ці можа Кітай затрымаць паўзучую анексію Беларусі Расеяй і як гэта бачыць Лукашэнка? Гэтыя пытанні ў студыі «ПраСвету» Сяргей Пеляса абмеркаваў з палітолагам і спецыялістам па нацыянальнай бяспецы Аляксандрам Казаком і журналістам Змітром Міцкевічам.
Сяргей Пеляса: Дырэктыва № 9 тычыцца Кітаю. Цікава, што дакумент быў прыняты ў снежні 2021 года, ужо быў агучаны ўльтыматум Расеі ў стасунку да Украіны і Захаду. Заставалася тры месяцы да вайны, працягваўся міграцыйны крызіс. Дэдлайны дырэктывы адносна Кітаю – 2025 год. Трэба было прапрацаваць планы новай чыгуначнай лініі з Беларусі да мяжы з Польшчай, еўрапейскай шырыні, а ў Менску меўся быць лагістычны хаб для Кітаю, дзе частку тавараў прывозілі, штось мантажавалі, і ўсё гэта ішло на Захад. Нічога з гэтага пакуль не атрымалася. Яўна перашкодзіла вайна. Лукашэнка пасля размоваў у Крамлі, калі стала ясна, што Трамп з Пуціным паволі ідуць да паразумення... Ці гэта не сігнал для Лукашэнкі, што варта рэанімаваць дачыненні з Кітаем, узмацніць іх, запусціць Кітай, каб кітайцы сваім парасонам прыкрылі і Лукашэнку, і Беларусь у цэлым?
Аляксандр Казак: Гэтыя сігналы з'явіліся раней. Па-першае, санкцыі, якія былі ўведзеныя ў 2020 годзе, не тое каб моцна ўдарылі па Беларусі, але ў 2022 годзе санкцыі ўжо даволі моцна паўплывалі. Пытанне ў тым, чаму Беларусь змагла пераадолець санкцыі – гэта пераарыентацыя на Расею і яе рынкі, Азію і Афрыку. Сталася так, што большую частку эканомікі, а дакладней рынкаў збыту і наўпроставых інвестыцыяў, якраз займаюць Расейская Федэрацыя і Кіпр. Гэта даволі шмат і стварае наўпроставую залежнасць Беларусі ад Расеі, таму ўзнікае патрэба нейкага балансу.
,,Сам Лукашэнка разумее, што быць на такой кароткай прывязі з Расеяй – гэта наўпроставая пагроза не толькі для Беларусі, але і для Лукашэнкі і для ягонага атачэння. Таму прынятае рашэнне на пашырэнне супрацы, на спробу балансу, вяртанне ў шматвектарнасць, як было раней.
Палітыка – зʼява дынамічная, і таму гэтыя размовы з амерыканцамі – гэта таксама пэўная спроба ўзнаўлення кантактаў і спробы ўраўнаважыць гэтую залежнасць і ад Расеі ўзяць дыстанцыю.
Сяргей Пеляса: Лукашэнка хваліўся тым, што яго запрасілі ў Кітай яшчэ перад выбарамі, і ў выніку туды не паехаў. Неафіцыйна лічыцца, што прычына, чаму ён туды не паехаў, звязаная з тым, што Кітай незадаволены тым, што рэжым Лукашэнкі не можа палепшыць дачыненняў з Захадам, міграцыйны крызіс працягваецца, мяжа закрытая. Беларусь як патэнцыйны хаб для кітайцаў на шляху ў Еўразвяз пад вялікім пытаннем. Калі працягваецца вайна, Лукашэнка застаецца фармальна суагрэсарам, дапамагае Расеі, міграцыйны крызіс працягваецца, кітайцам гэта не на руку, расейцам – на руку.
Зміцер Міцкевіч: Вядома, кітайцам гэта не на руку, але мы ведаем, што архітэктарам гэтага міграцыйнага крызісу, архітэктарам такіх паводзінаў Лукашэнкі ў вонкавай палітыцы ёсць Крэмль. Лукашэнка не мае ніякага ўплыву на тое, будзе гэта змяняцца ці не. Тут пытанне да Кітаю, наколькі для яго страчаная выгада з Еўропай большая, чым тая выгада, якую ён атрымлівае ад Расеі. Напрыклад, танныя вуглевадароды, магчымасць заходзіць на расейскі рынак і паставіць Расею ў поўную тэхналагічную залежнасць ад сябе.
Сяргей Пеляса: Гэта можа кампенсаваць страту Беларусі як хабу на шляху ў Еўразвяз.
Зміцер Міцкевіч: Яны цяпер могуць з гэтым гуляцца, яны складваюць гэтыя геапалітычныя кубікі і глядзяць, якая вежа атрымліваецца лепей. Або гэта канструкцыя з удзелам Беларусі і Еўропы. Прытым бачна, што там патрабаванні для ўзнаўлення гэтых стасункаў мусяць быць радыкальныя. Умовы ўзнаўлення гэтага руху, пабудовы чыгункі такія, на якія Расея цяпер дакладна не пойдзе.
,,Тое, што Пуцін выкаціў Вашынгтону ў якасці ўмоваў для замірэння, зусім не паказвае жадання Крамля на нейкі пазітыў.
Сяргей Пеляса: Тым не менш Лукашэнка марыць, робіць на гэта стаўку. Ён не развітваецца з ідэяй, што кітайцы сюды зойдуць, пабудуюць чыгунку, і гэта крыху прытрымае расейскі ўплыў. Уявім сабе аптымістычны сцэнар. Вайна Расеі супраць Украіны заканчваецца, міграцыйны крызіс заканчваецца, Пуцін наладжвае дачыненні не толькі з Трампам, але і з Захадам. Ці можа Лукашэнка выкарыстаць гэтую сітуацыю як акно магчымасцяў і ўпусціць кітайцаў у беларускі агарод і тым самым прыкрыцца кітайскім шчытом ад расейскай анексіі?
Зміцер Міцкевіч: Я думаю, што ў такім варыянце, калі надыходзіць разрадка, то гэта для Беларусі вельмі кепскія навіны. Для Лукашэнкі, можа, добра, бо ніхто не будзе дэстабілізаваць абстаноўкі. Імаверна, у яго выйдзе пагуляць у нейкую гульню, але не будзем забывацца, як сябе ў гэты час будзе паводзіць Кітай. Ці будуць яны бачыць свае магчымасці далейшага кантролю над Расеяй і магчымага ціску на Пуціна з мэтай дазволіць Лукашэнку ў такія гульні пагуляць.
Сяргей Пеляса: Алесю, твая версія.
Аляксандр Казак: Я мяркую, што гештальт Кітаю ў Беларусі яшчэ не закрыты. Аднак трэба памятаць пра ролю ЗША. Апошні прыезд паказаў магчымасць нейкіх размоваў або спробаў. З перспектывы амерыканцаў Кітай ёсць найбольшай пагрозай, яшчэ большай, чым Расея. Напэўна, Беларусь намагаецца згуляць і атрымаць свае прэферэнцыі з Кітаю і гэтай супрацы, транспарту, напрыклад. У гэтым не вельмі зацікаўленая Расея, але я лічу, што Кітай мае здольнасці, каб супакоіць Расею.
Больш глядзіце ў відэа: