навіны

Мемарыял у Курапатах прыходзіць у заняпад

Мясцовыя жыхары праходзяць каля драўляных крыжоў, якія ляжаць на зямлі на месцы масавага пахавання ва ўрочышчы Курапаты
Архіўнае фота. Мясцовыя жыхары праходзяць каля драўляных крыжоў, якія ляжаць на зямлі на месцы масавага пахавання ва ўрочышчы Курапаты. Менск, Беларусь. 4 красавіка 2019 года. Фота: Sergei Grits / AP Photo / East News
podpis źródła zdjęcia

Тэрыторыя мемарыяльнага музею ў Курапатах цяпер у жаласным стане. Крыжы, усталяваныя на месцы пахавання расстраляных грамадзянаў Беларусі ў часе сталінскіх рэпрэсіяў, у выніку натуральнага працэсу гніення ад судакранання з глебай траплялі на зямлю.

Бачна, што тэрыторыю даўно ніхто не прыбірае. Калі раней людзі мелі магчымасць сабрацца на талаку не адзін раз за год, то зараз гэта праблематычна. Да Вялікадня застаецца месяц. Раней у гэты час людзі прыходзілі ва ўрочышча амаль кожныя выходныя, каб упарадкаваць тэрыторыю.

Нагадаем: у 2019 годзе ўлады ўзяліся за Курапаты. 5–7-метровыя крыжы па перыметры знеслі і вывезлі за межы Народнага мемарыялу. Актывістаў, якія спрабавалі абараніць помнік, затрымлівалі і каралі арыштамі і штрафамі. 13 красавіка мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч папрасіў улады спыніць «крыжалом». На той момант было знесена ўжо 70 крыжоў, і працэс гэты не спыняўся. Мітрапаліт заявіў, што галасы святароў і прадстаўнікоў свецкай супольнасці «становяцца голасам, які крычыць у пустыні».


Праз тыдзень, 20 красавіка, Лукашэнка сказаў праўладным СМІ: «Я спрабаваў зрабіць ад душы. І гэта яшчэ не канец. Мы прывядзём у парадак гэтае ўрочышча. Мы папросім прабачэння ў гэтых людзей за тое, што мы варушым іх прах».

Паваленыя крыжы ва ўрочышчы Курапаты. Менск, Беларусь. Сакавік 2025 года. Фота перададзенае рэдакцыі
Паваленыя крыжы ва ўрочышчы Курапаты. Менск, Беларусь. Сакавік 2025 года. Фота перададзенае рэдакцыі

На практыцы знос крыжоў і пашкоджанне помнікаў не спыніліся. Тэрыторыю ўрочышча абнеслі загараддзю, на галоўную дарогу насыпалі сухі цэмент, а побач з магіламі пабудавалі рэстаран «Поедем-поедим», які аблюбавалі сілавікі і прыхільнікі «русского мира».


У 2020 годзе падчас масавых затрыманняў сілавікі ў аўтазаках часта пагражалі актывістам, што завязуць іх у Курапаты і закапаюць на тэрыторыі музею.


Любоў Лунёва belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10