МУС Беларусі паведаміў, што ГУБАЗіК затрымаў 15 лідараў і актывістаў нелегальнай арганізацыі «ИВДИВО», якая функцыянавала ў некалькіх абласных цэнтрах краіны.
Сілавікі паведамляюць, што зламыснікі актыўна прыцягвалі новых адэптаў у «створаны імі псеўдарэлігійны рух», а з офісаў арганізацыі былі канфіскаваныя больш як 100 тысяч рублёў, а таксама «культавая і экстрэмісцкая літаратура».
«Пад маркай самаўдасканалення і развіцця яны праводзілі платныя «семінары-трэнінгі». Выкарыстоўваючы розныя метады псіхалагічнага ціску, пераконвалі грамадзянаў адмовіцца ад свайго веравызнання. А эмацыйна слабым людзям абяцалі дапамогу, пры гэтым абавязваючы іх на сталай аснове перадаваць «дабрадзеям» значныя сумы грошай. Апроч маніпуляцыі дарослымі, лідары секты праводзілі так званыя заняткі для непаўналетніх», – гаворыцца ў паведамленні МУС Беларусі.
Цяпер супраць заснавальнікаў і ўдзельнікаў завялі крымінальную справу за незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, або ўдзел у іх дзейнасці. У розных рэгіёнах краіны затрымалі 15 чалавек, 7 з якіх – паслядоўнікі псеўдарэлігійнага руху.
Тэса Анэйда / belsat.eu