Чакаецца, што эканоміка Беларусі пакажа даволі высокі рост па выніках першага кварталу 2025 года – каля 3 % да першага кварталу мінулага года. Пры гэтым цэны і рызыкі для ўстойлівасці эканомікі таксама растуць. Пра гэта апавёў эксперт BEROC Анатоль Харытончык падчас прэзентацыі экспрэс-аналізу пра стан беларускай эканомікі.
Будаўніцтва і халоднае надвор'е дапамаглі ВУП
За два месяцы эканоміка Беларусі вырасла крыху больш як на 3,1 %. Гэта менш, што было толькі за студзень – 3,7%. Анатоль Харытончык адзначае: гэта было звязана з тым, што ў бягучым лютым на адзін дзень менш як летась.
«Аб'ём ВУП у лютым прыкметна дадаў да студзеня бягучага года і пратэставаў новы пік выпуску, – адзначае эксперт. – Рост быў падтрыманы істотным павышэннем энергагенерацыі і павелічэннем будаўнічых працаў».
Энергіі ў краіне выпрацоўвалася шмат, бо люты выдаўся халодным. Дзякуючы гэтаму прамысловасць, у якую ўваходзіць і энергетыка, вырасла на 2 % у параўнанні з цёплым студзенем.
Акрамя энергетыкі, падтрымала рост ВУП будаўніцтва, дададзеная вартасць якога вырасла амаль на 12 % у лютым адносна лютага мінулага года.
,,«Гэта забяспечыла прыкладна палову адсоткавага пункту гадавога прыросту ВУП у лютым», – адзначае эканаміст.
Аднак дынаміка ў будаўніцтве вельмі зменлівая, таму эксперт мае сумневы, што будаўніцтва будзе стабільна расці.
Прамысловасць працуе на склад
Вынікі працы апрацоўчай прамысловасці практычна не змяніліся ў параўнанні са студзенем, але выпуск там і так на вельмі высокім узроўні, адзначае эксперт.
«Пры гэтым захаванне павышанай вытворчасці ў апрацоўчай прамысловасці адбывалася на фоне адсутнасці росту ў раздробным гандлі і нават невялікага зніжэння гуртовага. Гэта паказвае на адсутнасць сур'ёзнага павелічэння, як унутранага спажывецкага попыту, гэтак і вонкавага», – кажа Харытончык.
Гуртовы гандаль знізіўся прыкладна на 2,5 % у лютым да студзеня. Разам з тым значна павялічваліся складскія запасы.
«Адносна выпуску запасы вярнуліся да высокіх узроўняў [75,7 % ад сярэднямесячнай вытворчасці. – Заўв.рэд.] перыяду пасля ўвядзення санкцыяў дзесьці з сярэдзіны 2022 года да жніўня 2023-га. Пры гэтым экспарт тавараў адносна аб'ёму вытворчасці апрацоўчых галінаў, наадварот, знізіўся да мінімуму. Мяркуючы з усяго, складанасці са збытам адчувае машынабудаванне. У тым ліку праз высокую канкурэнцыю і запаволенне росту попыту на расейскім рынку», – адзначае эксперт.
Калі прадпрыемствы працягнуць нарошчваць запасы для выканання планавых паказнікаў, то дэфіцыт вонкавага гандлю будзе падтрымлівацца, а з фінансамі ў кампаніяў будуць праблемы.
Насельніцтва пакуль не ашчаджае

Беларусы ў лютым куплялі прыкладна столькі ж, колькі і ў студзені. Падобная сітуацыя і з грамадскім харчаваннем.
«Павышэнне адсоткавых ставак па крэдытах і ўкладах спрыяла высокай ашчаднай актыўнасці», – кажа Харытончык.
Падобна, людзі выбіралі скіраваць сродкі ў банкаўскія ўклады, бо тыя раслі.
Што датычыць высокага ўнутранага попыту, то ён застаецца «надзвычай высокім». Раздробны гандаль у пачатку 2025 года прыкладна на 24 % перавышаў сярэдняе значэнне 2021-га, а ў нехарчовых таварах увогуле на 38 %. З улікам, што рост заробкаў і крэдытаванне застаюцца высокімі, астуджэнне ўнутранага попыту будзе адбывацца доўга. Гэта створыць рызыкі для эканомікі, калі ёй давядзецца сутыкнуцца з шокамі, мяркуе адмыслоўца.
IT і грузаперавозы не могуць аднавіцца
Галіны-аўтсайдары апошніх гадоў – грузаперавозы і IT. Яны трохі падраслі ў лютым, але ў маштабах падзення 2022–2023 гадоў гэты рост вельмі невялікі.
,,«Грузаабарот па-ранейшаму боўтаецца дзесьці на дне, не дацягваючы каля 38 % да сярэдняга ўзроўню 2021 года. Тут без аднаўлення транзіту ўстойлівы і значны рост грузаперавозак малаімаверны», – адзначае Харытончык.
Дададзеная вартасць у IT у пачатку 2025 года таксама аказалася больш як на 15 % ніжэйшая за ўзровень лютага 2022-га. Гэта складана выправіць без аднаўлення сувязяў з ЗША і ЕЗ.
Нацыянальны банк перастане хвалявацца інфляцыяй?

Гадавая інфляцыя ў лютым павысілася з 5,2 % да 5,6 %. Прырост адбыўся шмат у чым за кошт павелічэння цэнаў рэгуляваных тавараў і паслуг.
,,«Значна больш, як звычайна ў лютым, змяніўся кошт тарыфаў на ЖКП і на сувязь. Імаверна, гэтым павышэннем улады імкнуліся часткова кампенсаваць вельмі слабы рост цэнаў на рэгуляваныя паслугі з верасня мінулага года, калі выдаткі ў эканоміцы растуць даволі значнымі тэмпамі», – кажа Анатоль Харытончык.
Раслі цэны і на іншыя паслугі, якія не рэгулююцца дзяржаваю.
«Найбліжэйшым часам гадавая інфляцыя застанецца блізу лютаўскага ўзроўню, імаверна, трохі падрастаючы праз ціск выдаткаў і высокі рост цэнаў у Расеі ў спалучэнні з паслабленнем беларускага рубля да расейскага, – адзначае суразмоўца. – У прынцыпе інфляцыя без дырэктыўнага стрымлівання росту цэнаў не вельмі хоча ісці да мэтавых 5 % [такія планы ўраду на 2025 год. – Заўв. рэд.]».
Эксперт адзначае, што павольна і недастатковымі тэмпамі, але Нацыянальны банк спрабаваў паўплываць на сітуацыю з перагрэвам эканомікі: з канца 2023 года патроху зніжаў адсоткавыя стаўкі і абмяжоўваў крэдытаванне.
Пасля змены кіраўніка Нацбанку – з Паўла Калавура на экс-прэм'ера Рамана Галоўчанку – сітуацыя можа трохі змяніцца, і Нацбанк будзе менш рэагаваць на інфляцыйныя рызыкі ды адхіленне эканомікі ад раўнавагі, мяркуе эксперт:
«Далейшага ўзмацнення жорсткасці [манетарных умоваў], якое чакалася найбліжэйшым часам, мы не ўбачым. Але значнага змякчэння я таксама б не чакаў, хоць спробаў большага падтрымання прадпрыемстваў праз дырэктыўнае крэдытаванне выключаць нельга».
Калі эканамічная палітыка не будзе больш жорсткай, а прадпрыемствы пры гэтым працягнуць загружаць склады або падтрымліваць ужо і так высокі ўзровень загрузкі, то ў эканоміцы будуць захоўвацца дысбалансы даволі небяспечных памераў, заключае Анатоль Харытончык:
«Моцныя вонкавыя шокі або значнае змяненне вонкавых умоваў могуць прывесці да адчувальнага цыклічнага спаду».
Арсен Рудэнка belsat.eu