20 сакавіка беларусам лаканічна паведамілі, што ў хуткім часе адбудзецца інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. Але ў той лаканічнасці, падобна, было закладзена вельмі шмат сэнсу. Бо дату інаўгурацыі абралі не абы-якую, а 25 сакавіка, калі адзначаецца Дзень Волі – бадай што самае нелюбімае свята для Аляксандра Лукашэнкі, але найбольш дарагое шмат якім беларусам. Разбіраліся, навошта такое прызначэнне было зробленае.
Значэнне даты
Сапраўды, калі паглядзець на паведамленні, апублікаваныя на БелТА або ў тэлеграм-канале прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, то можна падумаць, што падзея гэтая нічым асаблівым не вылучаецца – звычайная фармальнасць.
Таму вельмі хутка патанула сярод іншых падзеяў кшталту віншавання прэзідэнта Тунісу з днём незалежнасці і сустрэчы Лукашэнкі са старшынём Веча народаў Рэспублікі Сербскай.
Але фактычна гэтаю навіной удалося сказаць нашмат больш, як было сказана. Прычынаў тут некалькі, і ўсе яны ўпіраюцца ў значэнне самой даты.
З аднаго боку, 25 сакавіка для шмат якіх беларусаў, якія выступаюць за незалежнасць і падтрымліваюць дэмакратычныя каштоўнасці, – сапраўды вельмі значная дата. У гэты дзень у 1918 годзе, як вядома, абвесцілі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі – першай нацыянальнай дзяржавы. Праз усе 30 гадоў незалежнай Беларусі 25 сакавіка было днём, калі тысячы беларусаў выходзілі на вуліцы з нацыянальнаю сімволікаю. З часам гэты дзень стаў асацыявацца і з пратэстам супраць антыбеларускай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.
І ў гэтым крыецца асаблівая нелюбоў кіраўніка Беларусі да гэтай даты і ўсяго, што з ёю звязана. Традыцыйна ў гэты дзень уся лукашэнкаўская сістэма напружвалася – ад сілавікоў да ідэолагаў, бо гэта разбурала іхную карціну пра стабільную Беларусь і рахманых беларусаў, бязмерна ўдзячных свайму лідару.
І вось чамусьці інаўгурацыю прызначаюць на 25 сакавіка…

Простая фармальнасць?
Першае, на што звяртаюць увагу амаль усе суразмоўцы «Белсату», якія каментавалі гэтую тэму, – 25 сакавіка ёсць апошнім днём, калі інаўгурацыя магчымая паводле заканадаўства.
Пра гэта ж гаворыцца і ў паведамленнях афіцыйных СМІ: «Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, прысяга прэзідэнта прыносіцца ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці чальцоў Прэзідыуму Усебеларускага народнага сходу, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Савету Рэспублікі, суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага Судоў не пазней як за два месяцы з дня абрання прэзідэнта», – піша БелТА.
Таму, зыходзячы з таго, што «выбары» адбыліся 26 студзеня, то 25 сакавіка – апошні дзень, калі магчыма правесці інаўгурацыю.
,,«Сапраўды, гэта была апошняя дата… Але нішто не перашкаджала правесці інаўгурацыю раней», – заўважае старэйшы аналітык «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі.
Пра супадзенні з працэдурным графікам гаворыць і кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі, які ў той жа час адзначае, што ў прызначэнні інаўгурацыі на 25 сакавіка «ёсць сімвалізм і прыкметы тролінгу дэмакратычных сілаў».

Тлустая кропка?
Дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька мяркуе, што абранне гэтай даты для інаўгурацыі – не пустая фармальнасць, за ёю крыецца нашмат большае. Лукашэнка, на думку суразмоўцы, такім чынам спрабуе сказаць грамадству, што ў Беларусі завершанае супрацьстаянне, якое доўжыцца ўжо амаль пяць гадоў.
,,«2020 год прынёс падзеі, якія ўскалыхнулі не толькі Беларусь, але і пракаціліся па ўсім свеце. Лукашэнка вельмі балюча ўспрыняў гэтыя падзеі. Ён хоча паставіць кропку. Я перакананы, што гэта не атрымаецца, бо 2020-ы глыбока засеў у Лукашэнку, ён вельмі балюча ўспрыняў рэфлексію большасці беларусаў, ён будзе помсціць. Але прапагандысты спрабуюць казаць: "Усё, кропка. Мы перамаглі, мы выйгралі". І ім вельмі важная для гэтага якраз дата 25 сакавіка. З гледзішча прапаганды ідэальна пасуе, каб Лукашэнка заявіў, што ён пераможца. Таму гэта не выпадковасць», – кажа Анатоль Лябедзька.
Валер Кавалеўскі пацвярджае: сапраўды, прапаганда і Лукашэнка гэтую кропку спрабуюць ставіць ужо даўно, прычым рабілі гэта неаднаразова.
«Прапаганда і сам Лукашэнка гавораць даволі даўно, што ўсё, гісторыя 2020 года скончылася, трэба перагортваць старонку. І ў пэўным сэнсе так, гэта завяршае палітычны цыкл, пачынаецца новы тэрмін прэзідэнцтва, хоць мы разумеем, што выбары не былі дэмакратычныя і гэта не дапамагло аднавіць Лукашэнку сваёй легітымнасці ў вачах беларускага народу», – адзначае суразмоўца.

Інаўгурацыя без выбараў
На весткі аб прызначэнні інаўгурацыі на 25 сакавіка адгукнулася беларуская дэмакратычная лідарка і кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Святлана Ціханоўская. Яна сказала, што для атрымання легітымнасці найперш трэба перамагчы ў выбарах, а не праводзіць інаўгурацыю.
,,«Інаўгурацыя без выбараў – пустая фармальнасць, яна не зробіць Лукашэнку легітымным. Яго не прызнаюць ні беларусы, ні міжнародная супольнасць. Ягоны рэжым працягвае трымацца выключна на рэпрэсіях, страху і падтрыманні Крамля, прадаючы суверэнітэт нашай краіны ў абмен на падтрыманне сваёй незаконнай улады», – адзначыла Ціханоўская выданню «Позірк».
На думку намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, Лукашэнка спрабуе скарыстаць дату 25 сакавіка нібыта для таго, каб даць імпульс, пасыл: маўляў, ён таксама выступае за незалежнасць і суверэнітэт. Але гэта фэйкавая гульня, кажа палітык.
Павел Латушка адзначае, што Лукашэнка не прэзідэнт, яго не абіраў беларускі народ:
«Ён узурпаваў пасаду, сфальсіфікаваў выбары і не мае права займаць пасаду кіраўніка дзяржавы. Па-другое, ён можа дэклараваць усё, што заўгодна, але трэба верыць фактам і дзеянням. Апошняе, што зрабіў Лукашэнка, – выступ у Савеце Федэрацыі Расеі, дзе ён заявіў, што «пакуль Беларусь не ўвойдзе ў склад Расеі». Калі «пакуль» не ўвойдзе, то калі? Хочацца спытаць: ці мае права такі чалавек называць сябе прэзідэнтам краіны? Калі ён фактычна падпісаў дамову пра "гарантыі бяспекі" паміж Беларуссю і Расеяй, якая дае магчымасць расейскім войскам уваходзіць на тэрыторыю Беларусі ў неабмежаванай колькасці, прадаўшы дэ-факта ваенны суверэнітэт нашай краіны».
Таму, на думку палітыка, Дзень Волі – гэта свята беларускай нацыі, яно належыць нашай гісторыі. Нацыя, беларускі народ захаваюцца, захаваецца і гістарычная дата 25 сакавіка, у той час як Лукашэнка адыдзе, бо ёсць фактычна імгненнем у гісторыі.
Раман Шавель belsat.eu