навіны

«Бах і банда» больш не будуць кіраваць Міжнародным алімпійскім камітэтам

Керсці Ковэнтры. Фота: olympics.com
Керсці Ковэнтры. Фота: olympics.com
podpis źródła zdjęcia

20 сакавіка на 144-й сесіі Міжнароднага алімпійскага камітэту ў Коста-Наварына (Грэцыя), у выніку таемнага галасавання з сямі кандыдатаў на васьмігадовы тэрмін новым прэзідэнтам абралі 41-гадовую Керсці Ковэнтры з Зімбабвэ.

41-гадовая былая плыўчыха заменіць на пасадзе Томаса Баха, абранага ў 2013 годзе і пераабранага ў 2021-м. На пасаду яна ўступіць 23 чэрвеня 2025 года. Бах, які да гэтага моманту застаецца на сваёй пасадзе, пасля перадачы паўнамоцтваў таксама складзе з сябе паўнамоцтвы чальца МАК і зойме пасаду ганаровага прэзідэнта, адзначылі ў прэс-службе арганізацыі.

Керсці Ковэнтры станецца першаю жанчынай і першым прадстаўніком Афрыкі на пасадзе прэзідэнта МАК. Яна нарадзілася ў Харарэ, брала ўдзел у пяці Алімпійскіх гульнях з 2000 да 2016 года. Заваявала сем алімпійскіх медалёў (два залатыя, чатыры срэбныя, адзін бронзавы), выйграўшы золата на дыстанцыі 200 м на спіне ў Афінах-2004 і Пекіне-2008. За сваю кар'еру заваявала тры залатыя медалі чэмпіянату свету і чатыры тытулы чэмпіёнкі свету на кароткай вадзе, а таксама выйграла золата Гульняў Садружнасці і 14 залатых медалёў афрыканскіх гульняў.

З 2018 года займае пасаду міністра спорту, мастацтва і адпачынку Зімбабвэ. Акрамя таго, з 2017 па 2024 год яна займала пасаду віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі серфінгу. З 2013 года яна ёсць чальцом МАК, у 2018-м была абраная старшынёю камісіі спартоўцаў МАК, стаўшы пры гэтым чальцом Выканаўчай рады МАК. Яна таксама рэпрэзентавала МАК у Сусветным антыдопінгавым агенцтве з 2012 да 2021 года і была чальцом Камітэту спартоўцаў САДА з 2014 да 2021 года.

Прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка. Фота: noc.by

НАК: Міжнародны алімпійскі камітэт прызнаў абранне Віктара Лукашэнкі

навіны

Нагадаем: у снежні 2020 года цяперашні прэзідэнт МАК Бах заявіў, што арганізацыя прыйшла да высновы, быццам НАК Беларусі не абараняе спартоўцаў ад палітычнай дыскрымінацыі, ды прыняла «часовыя захады», адхіліўшы ад удзелу ўва ўсіх захадах МАК чальцоў выканкаму беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Пад абмежаванні трапілі Аляксандр Лукашэнка і ягоны сын Віктар, які ў той час «адказваў за штодзённае кіраванне НАК Беларусі».

Гэта ўсё выклікала агрэсіўную рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі, які заявіў, што збіраецца звярнуцца ў суд, каб «Бах і банда расказалі», у чым ягоная віна.

На апошняй Алімпіядзе беларусы выступалі ў нейтральным статусе, а МАК рэкамендаваў дапускаць да міжнародных спаборніцтваў толькі тых, хто не падтрымаў вайны Расеі супраць Украіны публічна. Ковэнтры раней падтрымлівала магчымасць удзелу спартоўцаў з Беларусі і Расеі ў міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе, калі яны не падтрымліваюць вайны супраць Украіны адкрыта.

Сёлета Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) прызнаў вынікі выбараў у кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі (НАК), якія прайшлі 15 студзеня: ізноў перамог Віктар Лукашэнка.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10