Ці можа Кітай затрымаць паўзучую расейскую анексію Беларусі?
Ці ўжо сёлета Расея можа выкарыстаць тэрыторыю Беларусі для агрэсіі супраць NATO?
Ці магчымая яшчэ сёлета агрэсія Расеі супраць NATO з тэрыторыі Беларусі? Навошта Пуціну чакаць некалькі гадоў, калі еўрапейцы падрыхтуюцца? Нагода ёсць добрая – вучэнні «Захад 2025» увосень. Абмяркуем з госцем у студыі, палітолагам Алесем Казаком.
Як Лукашэнка з'ездзіў у Маскву?
Нервовы, запаволены і сумны – Лукашэнка правёў два дні ў Маскве. Расслабіцца менскаму дыктатару там не давалі. З чым ён паехаў дадому і ці атрымаў адказы на галоўныя для сябе пытанні?Лукашэнка заляцаецца да Захаду і Кітаю
Пасля вяртання з Масквы ўзурпатар адразу ж сустрэўся са сваім міністрам замежных справаў Максімам Рыжанковым, а таксама з новым прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным. Адкуль такая спешка і чаму ён успомніў пра сваю дырэктыву нумар дзевяць пра дачыненні з Кітаем? У сюжэце Віталя Бабіна.
Рубрыка Змітра Міцкевіча «Лінія фронту»
У Менску прайшло 63-е пасяджэнне так званай Супольнай кансультатыўнай групы ў пытаннях кантролю за ўзбраеннямі міністэрстваў абароны Лукашэнкі і Расейскай Федэрацыі. Удзел таксама ўзялі прадстаўнікі міністэрстваў замежных справаў двух рэжымаў. Паводле лукашэнкаўскай прапаганды, на парадку дня былі «пытанні глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, стан і перспектывы двухбаковай супрацы ў галіне кантролю над узбраеннямі ў бягучых умовах ваенна-палітычнага становішча». У прыватнасці, абмяркоўваліся вучэнні «Захад 2025», а таксама іншыя супольныя захады.
Тым часам у Еўропе адбываецца пералом у вайсковых справах. І лакаматывам выступае Нямеччына. Гэтак, Бундэстаг прыняў законапраект аб змякчэнні правіла «тормазу» ў Канстытуцыі, што дазваляе выдаткоўваць неабмежаваныя абʼёмы сродкаў на фінансаванне арміі і выведкі, у тым ліку на дапамогу Украіне.
Ці памірыліся Зяленскі з Трампам
Напоўніцу ідуць перамовы Трампа і Пуціна, а таксама Трампа з Зяленскім наконт спынення вайны ва Украіне. Што адбываецца насамрэч і якія наступствы для Беларусі? Сюжэт Яўгена Валошына
Што далей з радыё «Свабода»?
Доналд Трамп загадаў зліквідаваць Агенцтва ЗША ў справе глабальных медыяў: ужо больш за 1300 працаўнікоў «Голасу Амерыкі» адпраўленыя ў адпачынак, а радыё «Свабода» паведаміла, што працуе да 1 красавіка. За амерыканскія галасы ў Еўропе і Азіі заступаюцца еўрапейскія палітыкі, яны кажуць, што цяпер еўрапейцам варта ўзяць на сябе фінансавы цяжар дзеля функцыянавання такіх важных медыяў. Сярод (й)іх і міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі. У сюжэце Насты Ільіной