З зачыненага ў 2022 годзе ўладамі Беларусі Чырвонага касцёлу ў Менску з 17 сакавіка працягваюць вывозіць маёмасць. Фармальна гэта ўмова для пачатку рамонту святыні.
Ад парафіі запатрабавалі вывезці цалкам усе рэчы, нават самыя грувасткія – гэта і лавы, і арганы, і некалькі фартэпіянаў, і вялікія абразы, і бібліятэка, і копія Турынскай плашчаніцы, перадае Katolik.life.
Транспартаваннем займаецца парафія, маёмасць размяркоўваюць па іншых касцёлах, у тым ліку ў Менскім раёне, бібліятэку адвезлі ў Хрысціянскі сацыяльны цэнтр.
Паводле вернікаў, за тыя 2,5 года, пакуль касцёл зачынены, некаторыя памяшканні сапраўды сталі патрабаваць рамонту праз вільгаць: некалькі разоў прарывала водаправод, а ўлетку памяшканні ніхто не праветрываў і не выпамвоўваў вады з скляпення пасля дажджоў.
Нагадаем, што для рамонту касцёлу не быў праведзены тэндар на пошук падрадчыка, а ў Інвестыцыйнай праграме Менску няма для гэтага фінансавання. Вернікі баяцца, што пасля рамонту парафію могуць выселіць або выставіць ёй дадатковыя фінансавыя патрабаванні – на сёння «Менская спадчына» налічыла парафіі доўг памерам 148 тысячаў рублёў.
Касцёл стаіць зачыненым пасля таямнічага пажару 26 верасня 2022 года. У 2024-м быў звольнены і шматгадовы пробашч святыні ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.
Якуб Хруст belsat.eu