Расейскага стэндап-коміка Арсенія Астаніна, якога затрымалі ў Беларусі на запыт расейскіх праваахоўнікаў, лукашэнкаўскія сілавікі збілі ў лесе перад тым, як перадаць калегам. Пра гэта праваабаронцы Еве Меркачовай паведаміла адвакатка затрыманага Вераніка Палякова.
«Як ён растлумачыў пад пратакол, пры затрыманні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пакуль яго везлі да мяжы для перадачы расейскім праваахоўнікам, іхная машына спынілася ў лесе, яго вывелі і пачалі збіваць тры чалавекі. Як ён зразумеў, гэта былі супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі. Яны наносілі ўдары па корпусу і канцавінах, ужывалі электрашокер і дручкі», – адзначыла Ева Меркачова.
18 сакавіка Арсеній Астанін у Следчым камітэце РФ пісьмова заявіў пра злачынства ў дачыненні сябе і прасіў аб правяранні. Медычнае абследаванне выявіла пералом пазванка, раны і выціны, а таксама праблемы з дыхальнаю функцыяй і лёгкімі. Расейскія сілавікі ў дачыненні коміка гвалт не ўжывалі.
Цяпер Арсеній у СІЗА.
Меркачова мяркуе, што Расея мусіць абараняць правы Астаніна, збітага ў Беларусі. Аднак яна не ўпэўненая, «якую пазіцыю тут зоймуць нашыя [расейскія. – Заўвага рэд. belsat.eu] праваахоўнікі».
Нагадаем, што пра затрыманне Астаніна стала вядома 18 сакавіка. У Расеі ў дачыненні мужчыны распачалі крымінальную справу за «негатыўныя і абразлівыя каментары на адрас удзельніка спецыяльнай вайсковай аперацыі», якія стэндап-комік выказаў падчас канцэрту. У жарце пра чалавека з адною нагою сілавікі западозрылі, што ідзецца пра вайскоўца, які вярнуўся з вайны супраць Украіны.
Якуб Хруст belsat.eu