Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская назвала інаўгурацыю Лукашэнкі фармальнасцю, якая не зробіць яго легітымным, а прызначэнне цырымоніі на 25 сакавіка станецца нагодаю «гучна сказаць, што Лукашэнка – не прэзідэнт, а злачынец, які захапіў уладу».
У Менску паведамілі, што сёмая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі прызначаная на 25 сакавіка. У гэты дзень шмат якія беларусы святкуюць Дзень Волі, гадавіну абвяшчэння незалежнасці першай нацыянальнай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі.
У каментары агенцтву «Позірк» абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская адзначыла, што запланаваная інаўгурацыя не дадасць Лукашэнку легітымнасці:
,,«Інаўгурацыя без выбараў – пустая фармальнасць, яна не зробіць Лукашэнку легітымным. Яго не прызнаюць ні беларусы, ні міжнародная супольнасць. Ягоны рэжым працягвае трымацца выключна на рэпрэсіях, страху і падтрыманні Крамля, прадаючы суверэнітэт нашай краіны ў абмен на падтрыманне сваёй незаконнай улады».
Акцыі на Дзень Волі, якія беларусы зладзяць па ўсім свеце, стануцца нагодаю «гучна сказаць, што Лукашэнка – злачынец», заявіла Ціханоўская:
«Гэта свята нашай незалежнасці і нашага супраціву дыктатуры. Мы скажам гучна, што Лукашэнка – не прэзідэнт, ён злачынец, які захапіў уладу. Мы нагадаем свету пра нашых палітвязняў і нашае змаганне. Беларусь абавязкова будзе вольнай».
Мінулая інаўгурацыя Лукашэнкі адбылася 23 верасня 2020 года на фоне акцыяў супраць фальсіфікацыі выбараў. Тую цырымонію правялі таемна, не анансуючы. На імпрэзу запрасілі толькі набліжаных да палітыка асобаў.
У той дзень беларусы выходзілі на пікеты, а ўвечары масавая акцыя адбылася каля стэлы. Сілавікі палівалі пратэстоўцаў афарбаванай у аранжавы колер вадою з вадамётаў, ужывалі святлошумавыя гранаты і распылялі газ, учынілі жорсткія затрыманні. Праваабаронцы паведамлялі пра сотні затрыманых.
Сцяпан Кубік belsat.eu