У некалькіх гарадах Турцыі адбыліся акцыі пратэсту з увагі на затрыманне мэра Стамбулу Экрэма Імамаглу, які меўся стаць галоўным кандыдатам ад апазіцыі на наступных выбарах прэзідэнта. Усходазнаўца Руслан Сулейманаў у каментары «Белсату» адзначыў, што пратэстоўцы маюць шанцы дамагчыся вызвалення палітыка.
Мэра Стамбулу Экрэма Імамаглу затрымалі 19 сакавіка на падставе абвінавачанняў у кіраўніцтве злачыннай арганізацыяй, хабарніцтве і махлярстве на тэндарах. Акрамя таго, яго падазраюць у дапамозе Працоўнай партыі Курдыстану, якая ў Турцыі, а таксама ў ЗША і Еўразвязе прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй.
Перад затрыманнем Стамбульскі ўніверсітэт на патрабаванне Генпракуратуры ануляваў дыплом Імамаглу, а заканадаўства краіны прадугледжвае, што кандыдатам на прэзідэнцтва можа быць толькі асоба з вышэйшай адукацыяй.
Разам з палітыкам у гэтай справе былі затрыманыя 100 асобаў, у тым ліку журналісты і бізнесоўцы.

Апазіцыйная Рэспубліканская народная партыя мелася ўжо ў гэтую нядзелю, 23 сакавіка, абвясціць Імамаглу кандыдатам на наступных прэзідэнцкіх выбарах, што плануюцца на 2028 год. Пераслед палітыка арганізацыя назвала «спробаю дзяржаўнага перавароту супраць будучага прэзідэнта».
«Улада цяпер робіць усё, каб не даць нацыі вызначыць наступнага прэзідэнта», – напісаў кіраўнік Рэспубліканскай народнай партыі Эзгюр Эзэль у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы X.
Пасля затрымання Імамаглу ў Турцыі абмежавалі доступ да шэрагу сацыяльных сетак і сайтаў, у тым ліку да X, YouTube, Instagram, TikTok.
Губернатар правінцыі Стамбул забараніў на чатыры дні вулічныя дэманстрацыі, аднак, не зважаючы на гэта, акцыя там адбылася, як і ў іншых гарадах краіны.

«Пратэсты адбыліся з ініцыятывы апазіцыі, якая, нягледзячы на забарону губернатара Стамбулу, а ён падпарадкоўваецца беспасярэдне прэзідэнту, усё адно вывела людзей і плануе рабіць гэта далей», – кажа «Белсату» ўсходазнаўца, аўтар Telegram-каналу SULEYMANOV Руслан Сулейманаў.
Ён адзначыў, што Імамаглу тройчы перамагаў кандыдатаў прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана на выбарах мэра Стамбулу:
,,«І Эрдаган з гэтым нічога не можа зрабіць, і якія б рэпрэсіі ці пагрозы ні адбываліся, а яны ёсць у Турцыі, мільёны людзей гатовыя выходзіць на вуліцы».
Апазіцыя, паводле аналітыка, мае запаснога кандыдата на наступныя выбары, аднак усё адно яна будзе дамагацца вызвалення свайго паплечніка:
«Апазіцыя мае, напрыклад, мэра Анкары Мансура Яваша, ён таксама вельмі папулярны, нават больш папулярны, чымся Імамаглу, гледзячы на апошнія апытанні. Але апазіцыя настроеная вельмі рашуча і будзе дамагацца ягонага вызвалення і выводзіць людзей на вуліцы».
Сулейманаў называе шанцы на вызваленне палітыка не безнадзейнымі:
«Шанцы вельмі высокія, бо ўлада нічога не можа супрацьпаставіць грамадскаму ціску. Калі моц мітынгаў будзе павялічвацца, то ўладзе давядзецца адступіць, і ў сучаснай турэцкай гісторыі такое ўжо адбывалася».
Наступныя акцыі пратэсту апазіцыя запланавала на 23 сакавіка.
Сцяпан Кубік belsat.eu