Лукашэнкаўскія сілавікі зламалі рэбры і хрыбетнік стэндап-коміку Арцемію Астаніну падчас затрымання на мяжы. Пра гэта ды іншыя парушэнні правоў у Беларусі – у аглядзе рэпрэсіяў.
Пра гэта паведаміў адвакат мужчыны ў судзе на абранні меры стрымання. У Арцемія пачаліся праблемы з лёгкімі, паведаміў расейскі тэлеграм-канал «Mash».
Пра затрыманне Астаніна стала вядома 18 сакавіка. У Расеі ў дачыненні мужчыны распачатая крымінальная справа за «негатыўныя і абразлівыя каментары на адрас удзельніка спецыяльнай вайсковай аперацыі», якія стэндап-комік выказаў падчас канцэрту. У жарце пра чалавека з адной нагой сілавікі западозрылі, што размова ідзе пра вайскоўца, які вярнуўся з вайны супраць Украіны.
Стала вядома пра затрыманне і хуткі суд над папулярызатарам навукі з Гомля Дзмітрыем Новікавым, паведамляе «Флагшток».
Парталу стала вядома з некалькіх крыніцаў, што мужчына быў затрыманы разам з грамадзянскай жонкай Вікторыяй Разуванавай у пачатку лістапада мінулага года. Затрыманне адбылося ў Менску, дзе яны жылі апошнім часам.
Прычынай затрымання сталі фотаздымкі з мітынгаў 2020 года, знойдзеныя ў тэлефоне пасля затрымання. Суд над Дзмітрыем мусіць пачацца ў канцы сакавіка паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Інфармацыя пра лёс Вікторыі ўдакладняецца.
Дзмітрый Новікаў вядомы ў Гомлі з мянушкаю Агнявіт як аўтар-выканаўца, папулярызатар навукі, краязнаўца, блогер. Апошнім часам ягоная дзейнасць была звязаная з папулярызацыяй археалогіі і палеанталогіі.
Навучэнцаў у Гомлі вадзілі глядзець расейскі фільм пра «расейскі» Крым і яго «перараджэнне», паведамляе «Гомельская Вясна».
Паказ фільму зладзіў вядомы падтрыманнем вайны ва Украіне «Расейскі дом у Гомлі», прадстаўніцтва «Рассупрацоўніцтва» – расейскага Федэральнага агенцтва ў справах Садружнасці Незалежных Дзяржаваў, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і ў справе міжнароднай гуманітарнай супрацы.
На паказ звозілі навучэнцаў з шэрагу сярэдніх школаў і двух каледжаў – аграрна-эканамічнага і медычнага.
Фільм паказвалі таксама ў Берасці. Беларусь – адзіная еўрапейская краіна, у якой паказваюць гэты фільм.
Арсен Рудэнка belsat.eu