Гісторыі

Як палітзняволеную Антаніну Канавалаву прымусілі падпісаць «супрацу». Шчырае інтэрв’ю

Дар’я Чульцова бярэ інтэрвʼю ў Антаніны Канавалавай у Музеі акупацыі Літвы. Вільня, Літва. Скрыншот: Вот Так / Youtube
Дар’я Чульцова бярэ інтэрвʼю ў Антаніны Канавалавай у Музеі акупацыі Літвы. Вільня, Літва. Скрыншот: Вот Так / Youtube
podpis źródła zdjęcia

Антаніна Канавалава правяла ў калоніі больш за чатыры гады, але выйшла не на волю, а пад кантроль спецслужбаў. Яна ўцякла з Беларусі літаральна па тонкім лёдзе. Антаніна распавяла праекту «Вот Так», як здзекуюцца з палітвязняў, каб дамагчыся прызнання і згоды на супрацу з адміністрацыяй калоніі.

Жанчыны прыбіраюць тэрыторыю калоніі № 4 у Гомлі. Кадр з дакументальнага фільму «Дэбют» Настассі Мірашнічэнкі. Скрыншот: kinopoisk.ru

«Нас вырашылі зусім звесці са свету». Ксенія Луцкіна і Яна Жураўлёва – пра жыццё за кратамі

Гісторыі

Журналістка «Вот Так» Даря Чульцова паразмаўляла з Антанінай Канавалавай – былой палітзняволенай і даверанай асобай Святланы Ціханоўскай на выбарах 2020 года. Дарʼя – таксама былая палітзняволеная: яе кінулі ў калонію амаль на два гады за працу на «Белсат».


Антаніну затрымалі 6 верасня 2020 года. Спачатку аштрафавалі, але пасля суда не адпусцілі, а адразу «перазатрымалі» паводле крымінальнай справы за «масавыя беспарадкі». Суддзя прызначыў ёй 5,5 года калоніі агульнага рэжыму. Большую частку пакарання яна адбыла: выйшла на волю на падставе «памілавання» 15 снежня 2024 года, пакінула Беларусь. У калоніі яна атрымала 3-ую групу інваліднасці паводле зроку.


Відэаінтэрв’ю выйшла на канале «Вот Так». Ніжэй – тэкставая версія з нязначнымі скарачэннямі.


Крывавыя плямы ў віленскім музеі – на тым жа месцы, дзе былі ў ізалятары ў Беларусі


Размова праходзіла ў віленскім Музеі акупацыі і барацьбы за свабоду – былым будынку савецкага Камітэту дзяржаўнай бяспекі на Лукішках. Дворык літоўскага музею нагадаў ёй СІЗА ў Беларусі:

,,

«Стан, вядома, трывогі. Ты розумам разумееш, што ты ўжо на волі, што ты ўжо не сядзіш. Але сэрца, вядома, цябе выдае, дрыжыкі па целе цябе выдаюць».


«Мне запомнілася сама Валадарка, бо было страшна, калі цябе этапуюць ноччу ўжо з Акрэсціна, – распавядае Антаніна. – Мяне этапавалі на Валадарку ўжо а трэцяй ночы. І калі цябе садзяць у аўтазак, для цябе гэта ўпершыню. Калі цябе вязуць, калі перад табой адчыняюцца вароты. Ты гэта ўсё бачыш. Значыцца, гэта была клетка, у якой я сядзела, і я бачыла выдатна, што адбываецца на вуліцы. І калі ты заходзіш на Валадарскага, ты бачыш гэтыя сцены, табе становіцца страшна па-сапраўднаму. Ты праходзіш, цябе вядуць у камеру, потым за тваёй спінай замыкаюцца дзверы».
 

Пасля інтэрв’ю Дар’я і Антаніна спусціліся ў падвал музею, дзе раней былі камеры.

Антаніна Канавалава ў Музеі акупацыі Літвы. Вільня, Літва. Скрыншот: Вот Так / Youtube
Антаніна Канавалава ў Музеі акупацыі Літвы. Вільня, Літва. Скрыншот: Вот Так / Youtube

Антаніна працягнула ўспамінаць зняволенне ў Беларусі, паказваючы на сцены:

Зняволеныя ў жаночай калоніі № 4 у Гомлі. Кадр з відэа «В Гомельской женской колонии открылся реабилитационный центр». 2021 год. Скрыншот: Телерадиокомпания Гомель / YouTube

«Немагчыма прызвычаіцца». Эксперты ААН занепакоеныя жорсткім абыходжаннем з жанчынамі ў зняволенні

навіны

«Нагадванне нейкай закрытай прасторы. Гэта, напэўна, першае адчуванне, калі былі на Акрэсціна. Калі на цябе гарланяць, кажуць што ты дурніца, сука. Замахваюцца рукою. Потым заводзяць вось у такі так званы стакан. Але толькі ў мяне не было яшчэ вось такой лавачкі. Ты проста там стаіш, і я стаяла ў гэтым «стакане», напэўна, гадзіны тры. І пры гэтым чуеш гукі, калі б’юць людзей. Гэта яшчэ было падчас майго затрымання 6 верасня. Людзей яшчэ білі.


Я нават бачыла ў адным «стакане», у якім я стаяла, на сцяне вось дзесьці вось з гэтага, напэўна, боку, крывавыя плямы. І ў калідоры на Акрэсціна, калі нас завялі і паставілі тварам да такой сцяны, толькі светла-зялёнага колеру, я бачыла на касяках, прыблізна як тут, чырвоныя крывавыя плямы. Гэта значыць, ты разумеў, што хутчэй за ўсё людзей проста ў гэты касяк білі».


Прызнання віны дамагаліся пагрозамі блізкаму чалавеку


Антаніна таксама распавяла пра шантаж, пагрозы і здзекі сілавікоў:


«Прыйшоў працаўнік ГУБАЗу, ён быў адзін, апрануты ў цывільнае. Ён не назваўся. Ён паказаў мне раздрукаваны дакумент, мабыць, з мяжы, я так зразумела. Дзе фармат фатаграфіяў дзесьці 3х4, прыблізна як на пашпарт. Дзве фатаграфіі былі маіх дзяцей і адна – фатаграфія мамы. Ён мне казаў: чаму яны зʼехалі, ім нічога тут не пагражае, няхай вяртаюцца, як вы будзеце без дзяцей... Вядома, былі запалохванні. Яны казалі, што мы зараз вашых дзяцей вывезем, яны не так далёка зʼехалі. А я на той перыяд часу не ведала, што адбываецца. Да мяне адвакатка яшчэ не прыходзіла, лістоў я не атрымлівала яшчэ».


Ціск на Антаніну ўзмацніўся пасля этапавання ў жаночую калонію ў Гомлі. Установу называюць» «паказальнай»: калонія на вуліцы Антошкіна славіцца сваімі жорсткімі захадамі «перавыхавання» і ідэальна вымытым асфальтам.

Антаніна Канавалава ў Музеі акупацыі Літвы. Вільня, Літва. Скрыншот: Вот Так / Youtube
Антаніна Канавалава ў Музеі акупацыі Літвы. Вільня, Літва. Скрыншот: Вот Так / Youtube

«Я не разумела, чаго ад мяне хочуць, – успамінае Антаніна. – Ну, нібыта яны стасуюцца, распавядаюць, чаго табе нельга рабіць. Як бы размова такая нязмушаная, без усялякіх пагрозаў. Так, яны цябе пытаюць наконт тваёй справы, вядома, пытаюць, прызнаў ты, не прызнаў віну. У мяне віна не была прызнаная паводле прысуду, і я не планавала яе прызнаваць. Я не хацела. Бо я ведаю, што я цалкам невінаватая».


Дар’я перапытала: а як у выніку выйшла з прызнаннем віны? Антаніна некалькі разоў змянілася ў твары, махнула рукамі і папрасіла спыніць запіс. Выцерла слёзы.


9 лютага 2022 года яе перавялі ў 9-ы атрад – так званы прэс-атрад. Кожная асуджаная ведае, што калі туды трапіла, значыць, «паступіў загад».

,,

«І вось тут пачаўся самы трэш, – працягнула Антаніна. – Першы час нічога страшнага не адбывалася, і я не разумела першапачаткова... Ну, я ведала, што там выбіваецца нешта, што гэта для чагосьці робіцца. Але я ж не ведала, чаго ад мяне хочуць! Я магла толькі здагадвацца».


Ціск пачаўся з патрабавання прызнаць віну:


«Быў вельмі блізкі (не быў, ён і ёсць) чалавек, пра якога мне казалі, што калі ты не падпішаш, то яна не выйдзе. Гэта значыць, нейкія мае прынцыпы былі не настолькі важныя, як гэты чалавек. Я не магла дапусціць і дазволіць, каб блізкаму мне чалавеку дадалі тэрмін. Я напісала гэтае прызнанне. Я напісала, я сядзела ў кабінеце працаўніка са слязамі на вачах, пісала прызнанне віны. Яна мне яшчэ казала, што вы, напэўна, не хочаце яго пісаць. А я сядзела, ківала галавой і казала: не, хачу.


Калі я выйшла, дзяўчынка, якая мяне вяла назад у атрад, мне сказала: ты зразумей, гэта ўсяго толькі на паперы. Гэта значыць, можа быць, сабе ты і не даруеш, але гэта не вартае таго, каб за гэта перажываць. А мне здавалася, для мяне гэта тады вялікае гора было, што я мушу прызнаць тое, у чым я не вінаватая. Яна распавяла мне сваю гісторыю: на шыю ейным дзецям надзелі пятлю, яе паставілі на калені і сказалі: калі ты цяпер не падпішаш дакументы, то твае дзеці памруць у цябе на вачах.


Тады я зразумела, што мая сітуацыя, фактычна, нішто ў параўнанні з ейнай. Але ты ж пра гэта не забываеш. Гэта значыць, ты памятаеш, што ты падпісала прызнанне віны, якога ты не хацела падпісваць. Але я не шкадую. Я не шкадую, што падпісала. Вядома, мяне гэта дзесьці грызе, але гэта сапраўды папера. Бо галоўнае, што застаецца ў нас у галаве, у сэрцы, так?»

,,

«Я думала, што пасля гэтага прызнання віны ўсё скончыцца. Але, як аказалася, гэта быў толькі пачатак».


Здзекі не спыніліся, а толькі ўзмацніліся: патрэбная «супраца»


Антаніне пачалі псаваць асабістыя рэчы. Яна не раз знаходзіла ў сваім зімовым абутку ваду – а ў калоніі дазволеная толькі адна пара на сезон. Быў выбар: выходзіць на мароз у мокрым абутку ці абуваць чаравікі, літаральна зробленыя з кардону.


«Гэта рабілі звычайныя асуджаныя, – кажа Антаніна. – Была такая Раміна Пятравічус, якая была ў 9-м атрадзе, і не толькі. Гэта чалавек, якому працаўнікі адміністрацыі калоніі, аператыўныя працаўнікі давалі ўказанне, што табе трэба працаваць вось над гэтым, над гэтым чалавекам. Якія метады яна будзе выкарыстоўваць, нікога не хвалявала. Галоўнае – вынік.


Ваша целагрэйка магла быць дзе-небудзь у прыбіральні. А там прыбіральні не такія белыя, як прынята, як ва ўсіх. Там так званыя дзючкі, то бок туалет з дзіркай. І яна магла быць і там. Памыць ты яе не можаш. Знакаў на гэтай целагрэйцы ў цябе няма – гэта парушэнні формы адзення. Вось ты прыходзіш увечары класціся ў свой ложак, а ён у цябе мокры. Табе даводзіцца класціся ў гэты ложак. Ці там, дапусцім, пачынаеш раскладваць ложак увечары, а ў цябе пад падушкай проста склад смецця з гігіенічных выкарыстаных пракладак. Ты нібыта пачынаеш гэта здымаць, мыць... Асадак усё роўна застаецца».

,,

«Вядома, у мяне цяклі слёзы: мне было зноў незразумела, за што. Быццам ужо прызнанне віны ёсць – і больш я нічога не магу даць».


Антаніна ўспамінае, як ёй падкінулі забароненыя прадметы: іголкі і лёзы «знайшлі» ў вопратцы. Распавядае Дар’і: «У нас у целагрэйцы, калі ты памятаеш, былі такія вяровачкі, якія ў капюшоне звычайныя, як анучныя. […] Вось тут, дзе ідзе падрубка нізу ў кожнай куртцы, у нас тут была таксама такая маленькая дзірачка, калі памятаеш».


У ейнай целагрэйцы апынуліся іголкі ад швейнай машыны, у шапцы – лёзы брытваў. Жанчына, якая праводзіла ператрус, відавочна ведала, дзе іх шукаць. Антаніна не разумела, за што з ёй гэта робяць, разгубілася і нават прапанавала дапамагчы пашукаць, што яшчэ засталося. Потым зразумела, што гэта забароненыя прадметы, за якія пагражае штрафны ізалятар. У карцар яе ўсё ж не змясцілі, але працягнулі псіхалагічныя атакі.

Антаніна Канавалава паказвае Дар’і Чульцовай, дзе ў ейнай целагрэйцы «знайшлі» іголкі. Вільня, Літва. Скрыншот: Вот Так / Youtube
Антаніна Канавалава паказвае Дар’і Чульцовай, дзе ў ейнай целагрэйцы «знайшлі» іголкі. Вільня, Літва. Скрыншот: Вот Так / Youtube

«Я памятаю дзень на фабрыцы, калі мы мусілі выходзіць на абед, а я дастаю свае целагрэйку, яна без нагруднага знаку, – працягвае Антаніна. – Я разумею, што мне выходзіць – гэта яшчэ адзін рапарт. Плюс мне парэзалі петлі на целагрэйцы. Не пакінулі ніводнай. І ў мяне не было гузікаў. Гэта значыць, зіма, холад, я ў гэтым абутку і ў расшпіленай целагрэйцы іду на вывад. Да мяне падышоў Кузняцоў, кажа: вельмі дзіўны ў вас ахайны выгляд, ён не адпавядае правілам калоніі. Я стаяла моўчкі. Я стаяла ў першым шэрагу, я стаяла моўчкі. Я не памятаю, якое пытанне ён мне задаў, але я на яго адказала: мне ўсё роўна».

Былая палітзняволеная Міа Міткевіч. Варшава, Польшча. 25 траўня 2024 года. (Фота: Белсат)

«Не дакранацца да майго мёртвага цела!» Былая палітзняволеная распавяла пра завяшчанне, якое пісала ў калоніі

навіны

На гэта Аляксандр Кузняцоў (аператыўны куратар 9-га атрада, якога былыя зняволеныя называлі «самым заўзятым» прыхільнікам зневажальных калектыўных пакаранняў) сказаў, што Антаніну паставяць на прафілактычны ўлік адносна суіцыду. Гэта азначае змяшчэнне ў псіхіятрычную лякарню.


«Я нічога не адказала, – кажа Антаніна. – У мяне быў ужо тады істэрычны стан. Я трымалася да апошняга, вядома. Я старалася не паказваць сваіх слёз тым зняволеным, якія былі побач са мной. Я разумела, што нельга паказваць сваёй слабасці. Пасля гэтай размовы ён павёў мяне ў кабінет да аператыўных працаўнікоў».

,,

«Я магу сказаць, што мяне растапталі. Калі ён прапанаваў падпісаць дакумент пра супрацу, я сказала, што я не хачу гэтага рабіць. Ён сказаў, што табе давядзецца гэта зрабіць, бо ты ў Беларусі не адна, у цябе ёсць яшчэ сваяк».


«Я падпісала не з першага разу. У мяне быў перыяд часу, калі я не магла датэлефанавацца да таты. Яго тэлефон быў увесь час недасяжны. Лісты мне не прыходзілі. Я не разумела, што адбываецца. Я адчувала, што ёсць нейкая пагроза. Разумела, што яны на гэта здольныя, што яны могуць гэта зрабіць. Я зноў не магла дазволіць, каб з маім блізкім чалавекам нешта здарылася. І я падпісала.


Потым я ўжо з ліста даведаюся, што ў майго бацькі былі ператрусы. Ператрусы з нагоды таго, што ў Баранавічах тады падрывалі чыгунку. У яго быў ператрус, у яго канфіскавалі тэлефон, у яго канфіскавалі тэхніку. Таму сувязі ў нас не было.


У той перыяд, калі я не датэлефаноўвалася, падчас аднаго з такіх тэлефонных званкоў, што нам давалі, зайшоў Чорны, і ён мне кажа: што, Канавалава, не датэлефанавалася? А я стрымліваю свае слёзы – і разумею, што гэта ўжо не першы раз, калі я не датэлефанавалася. Я разумею, што нешта адбываецца, бо тата ў мяне заўсёды быў на сувязі. Ён ведаў, як для мяне гэта важна.

,,

«І ён мне кажа: ты не датэлефануешся, нават, маўляў, не спрабуй. Калі не прымеш правільнага рашэння, ты яго на спатканні больш не ўбачыш. Тады мне стала страшна. Я падпісала».


Магілёўскі інстытут МУС так апісваў, што азначае «супраца»: «Атрыманне інфармацыі пра схаваныя працэсы, магчыма, шляхам трапляння ў асяроддзе асуджаных праз прыхаванае спрыянне асобам, якія ёсць у гэтым асяроддзі».

Прэс-канферэнцыя былой палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк у Вільні, Літва. 10 лютага 2025 года. Фота: Белсат

Паліна Шарэнда-Панасюк: Я дэзавуюю падпісаныя паперы пра супрацу з сілавікамі

навіны

«Я падпісала гэтую паперу і разумею, што я не забуду гэтага да канца жыцця. Гэта значыць, для мяне як чалавека, які ні разу не здраджваў нікому, для мяне гэта было цяжка. Вельмі цяжка. Калі мне патлумачылі, на чым палягае гэтая праца, я зразумела, што я магу дзесьці рабіць так, каб не нашкодзіць. Але я не магу быць упэўненая на сто адсоткаў, што не шкодзіла».


Працаўнікі калоніі баяліся за сваю бяспеку, не хацелі бунту. Ад Антаніны хацелі даведацца, што адбываецца сярод зняволеных. Яна кажа, што старалася акуратна даваць інфармацыю. Хто яе правяраў, не ведае.


«Я, напэўна, проста хачу цяпер звярнуцца да сваякоў, – Антаніна перапыняе аповед, плача. – Калі вашыя блізкія, якія застаюцца за кратамі, калі ваш блізкі чалавек просіць, каб вы пісалі нашмат часцей, гэта трэба рабіць. Дастаткова нават двух словаў. Бо я ведаю двух чалавек у калоніі, якія праходзяць маю сітуацыю цяпер. Бо проста сваякі не паспелі паведаміць, што "ўсё добра, я ў бяспецы"».


«Памілаванне» – замена адной турмы на іншую, з якой давялося збягаць


Антаніна не адбыла тэрміну да канца, выйшла паводле «памілавання», але КДБ назваў яе «тэрарысткай» – праз гэта Антаніна не магла выехаць з Беларусі. Некаторым, кажа яна, давалі на ад'езд два тыдні ці тры дні. Ёй жа ад пачатку сказалі, што яна нікуды не выедзе. Яна мяркуе, што была патрэбная КДБ для вярбоўкі – на гэта ёй намякалі:


«Калі вам хто-небудзь патэлефануе і захоча ў вас узяць інтэрв'ю ці там хтосьці патэлефануе вам, каб вы з'ехалі, прапануе якую дапамогу, то вы паведаміце нам, – пераказвае Антаніна словы сілавікоў. – На што я казала: так, добра, я паведамлю. Я ішла з імі на кантакт, мне інакш было нельга: я не магла ўключаць нейкую злосць і крыўду. Бо я разумела, што я сам-насам з людзьмі, якія мяне пасадзілі, з тымі людзьмі, якія мяне затрымлівалі».


Антаніна спрабавала з’ехаць з Беларусі ў першыя дні па вызваленні, але спроба была няўдалаю. Прыйшлося рыхтаваць план для нелегальнага мінання мяжы. Яна ўспамінае дарогу:

,,

«Падала я вельмі шмат разоў. Я была ў шоку ад сваіх сінякоў, але калі ты ў такім стане, ты іх не адчуваеш, не адчуваеш, што ў цябе нешта баліць. Калі я падышла да рэчкі, я зразумела, што мне цяпер давядзецца пераплываць, на секунду мне стала страшна».


«Але я ўжо ведала, што я вазьму тэлефон у рот, сумку сваю – маленькі заплечнік – наверх і адной рукой буду плыць. Бо там дакументы нейкія ляжаць, вядома, пашпарт, гэта ўсё. Я разумела, што трэба захаваць».


На рацэ стаяў лёд. Антаніна не ведала таўшчыні:


«Калі я ўжо зрабіла першы крок, лёд пада мной не захрусцеў. Зрабіла яшчэ літаральна два крокі, нічога не адбылося, я не правалілася. Я пабегла. То бок, ад страху я ўжо пабегла. І калі я перабегла мяжу ўжо, я не паверыла, што я ўжо не ў Рэспубліцы Беларусь.


Там, дзе я пераходзіла, мне сустрэўся мужчына, які загаварыў са мной на расейскай мове. Я падышла да гэтага мужчыны, спытала, ці я на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Ён сказаў "не", але я яму не паверыла. Ён мне кажа, не верыш, я табе пакажу пачак цыгарэт літоўскі. Вось і ён мне дастае гэты пачак, паказвае – і я ўсё роўна яму не веру».


Па інтэрнэце разляцелася відэа сустрэчы Антаніны з дзецьмі, якое зняла ейная маці:


«Дзяцей я не бачыла больш за чатыры гады, мела зносіны з імі толькі праз відэасувязь, таму для мяне было трошкі незразумела, як яны адрэагуюць, – успамінае Антаніна. – Яны не ведалі, куды яны едуць, яны ведалі, што яны едуць у нейкае такое чароўнае месца. Ім сказалі, што для іх будзе сюрпрыз, які яны замовілі на Новы год».


Антаніна ведала, што дзеці на навагодняй ялінцы загадалі жаданне, каб хутчэй вярнулася мама. Кажа, вельмі хацелася выканаць гэтае жаданне, але яна не ведала, як гэта зрабіць.


Дар’я Чульцова, Алесь Наваборскі / ІР belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10