навіны

Улады пацвердзілі: рыхтуюцца пакрысе адпускаць цэны

img
Камароўскі рынак у Менску, Беларусь. 9 ліпеня 2023 года. Фота: Adam Berry / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын анансаваў скарачэнне пераліку тавараў, цэны на якія стрымлівае дзяржава. Пад рэгуляваннем застануцца кошты тых тавараў, якія «ў найбольшай ступені хвалююць людзей».

Доўгая эпапея з «справядлівымі» цэнамі, падобна, блізіцца да завяршэння: да канца месяца ўлады маюць падрыхтаваць новую сістэму цэнаўтварэння. Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын у інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлеканалу не раскрыў усіх падрабязнасцяў, аднак пацвердзіў, што пералік тавараў, цэны на якія штучна стрымліваюцца, будзе скарочаны. Дзяржава плануе надалей рэгуляваць кошты тавараў, якія можна назваць сацыяльна значнымі:

,,

«Нам патрэбна вызначыцца з тым пералікам тавараў, які хвалюе людзей. Бальшыню людзей, я падкрэсліваю, і, скажам, уплывае на малазабяспечаныя, неабароненыя слаі нашага насельніцтва. Таму канцэптуальна, думаю, што звужэнне гэтага пераліку відавочна. Нам патрэбны пакінуць тыя тавары, якія ў найбольшай ступені хвалююць людзей».


Кіраўнік ураду даў зразумець, што цэнам на тавары з гэтага спісу, які «хвалюе людзей», дазволяць расці ў вызначаных межах. Каб павысіць болей, давядзецца ўзгадняць з чыноўнікамі:


«У межах гэтага пераліку мы мусім задаць пэўныя межы або параметры суб'ектам гаспадарання, каб той жа вытворца не хадзіў у аблвыканкам па кожнае ўзгадненне. То бок пэўныя зададзеныя параметры, у межах якіх ты працуеш. Калі выходзіш за гэтыя параметры, тады, мабыць, патрэбнае нейкае ўзгадненне».


Пры гэтым улады захаваюць рэгуляванне гандлёвых надбавак. Нейкія змены чакаюць і імпарцёраў, сказаў Турчын, не ўдакладніўшы, якія менавіта. Можна дапусціць, што цэны на імпартныя тавары будуць адпускаць у першую чаргу.


Прэм'ер пры гэтым намякнуў, што спадзяецца на законы рынку, паводле якіх кошты вызначаюцца дзякуючы попыту і прапанове:

,,

«Калі мы падыдзем да аптымальнага кола тавараў, што рэгулююцца, мабыць, шмат якія рэчы самыя сабою прыйдуць у нармальны стан».


Турчын паўтарыў погляд Аляксандра Лукашэнкі на «справядлівасць» цаны, якая мусіць быць і для пакупнікоў, і для вытворцаў, і для гандлю. Ён адзначыў, што «ніхто не мае працаваць сабе на шкоду».

Чытайце таксама:
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від з паветра на беларускую сталіцу. Менск, Беларусь. 25 студзеня 2025 года. Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News

«Справядлівыя» цэны. Лукашэнка зладзіў папулісцкае шоу і загадаў выканаць невыканальнае

Незалежныя эканамісты пры гэтым адзначаюць, што такога панятку, як справядлівая цана, не існуе. Калі беларускія чыноўнікі прыдумаюць нейкую формулу справядлівага цэнаўтварэння, гэта будзе сусветным эканамічным прарывам, іранізавала ў размове з «Белсатам» эканамістка Аліса Рыжычэнка.


Стрымліванне цэнаў у Беларусі пагоршыла фінансавы стан кампаніяў: выдаткі ў фірмаў раслі хутчэй за кошт іх прадукцыі. То бок фактычна рост інфляцыі не спыняўся, проста гэтага не было відаць у крамах. Такую з'яву эканамісты называюць інфляцыйным навесам. Эксперты ацэньваюць яго прыкладна на 10 % – настолькі маюць вырасці цэны, калі іх адпусціць.


Пры гэтым улады прагназуюць, што сёлета цэны вырастуць на 5 % максімум, хаця ўжо ў лютым гадавая інфляцыя, паводле Белстату, склала 5,2 %. Адкрытым застаецца пытанне, як дзяржава ўтрымае гэты паказнік у вызначаных межах, пакрысе адпускаючы цэны.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10