Расея зацягвае перамовы наконт вайне ва Украіне, выстаўляючы невыканальныя ўмовы, а дамоўленасці пра частковае спыненне агню можа парушыць, абвінаваціўшы Украіну ў правакацыях. Такое меркаванне «Белсату» выказаў палітычны аглядальнік, гісторык Аляксандр Фрыдман па выніках тэлефоннай размовы паміж прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам і прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным 18 сакавіка.
Белы дом прапануе – Пуцін патрабуе
Абмяркоўваючы 30-дзённае частковае перамір'е, Уладзімір Пуцін запатрабаваў, каб Украіна спыніла прымусовую мабілізацыю, а заходнія краіны перасталі дапамагаць Украіне ў вайсковай сферы і даваць ёй выведныя звесткі, паведаміла прэс-служба Крамля пасля размовы Доналда Трампа з Пуціным. Таксама там адзначаецца, што Пуцін «станоўча адгукнуўся» на прапанову Трампа пра 30-дзённае спыненне агню па аб'ектах энергетычнай інфраструктуры.
«Лідары пагадзіліся, што рух да міру пачнецца са спынення агню ў сферы энергетыкі і інфраструктуры, а таксама тэхнічных перамоваў пра спыненне агню ў Чорным моры, поўным спыненні агню і сталым міры», – апавяла прэс-служба Белага дому.
Аднак паведамленняў ад прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пра гэтае пытанне пакуль няма. Медыі пішуць, што Трамп неўзабаве павінен пагаварыць праз тэлефон і з ім.
Аляксандр Фрыдман адзначае, што патрабаванні, якія выставіў Пуцін, вельмі цяжка рэалізаваць:
«Калі Трамп захоча гэта зрабіць, гэта будзе патрабаваць часу, кансультацыяў і згоды розных актараў. Добра, Украіна можа спыніць мабілізацыю. Што датычыць зброі, з боку ЗША Трамп можа спыніць пастаўкі Украіне асабістым рашэннем, але гэта будзе выглядаць досыць непрыгожа, улічваючы, што ён толькі зняў забарону на пастаўкі, і гэта расейская патрабаванне.
,,Нават калі ён гэта зробіць: дзе гарантыя, што гэта зробіць і Еўропа? З боку ЕЗ і Вялікай Брытаніі ўвогуле іншыя заявы ідуць. То бок гэта патрабаванне, якое адмыслова робіцца для таго, каб гэтыя перамовы ўскладніць. Таму амерыканцы яго нават не згадваюць».
Сапраўды, у расейскім паведамленні патрабаванне згадваецца, а амерыканскай рэакцыі ў прэс-рэлізе Белага дому няма.
«Думаю, што там відавочна не знайшлі нейкага кампрамісу на гэты конт, а гэта, напэўна, быў галоўны момант. Калі паглядзець, як Трамп усё гэта планаваў і агучваў, відавочна, ён планаваў, што скажа, што ўсё вырашана, а цяпер выніку няма», – працягвае Фрыдман.
У выйгрышы толькі Расея?

На думку суразмоўцы, Расея пайшла на мікракампрамісы.
«Я ўжо бачу ацэнкі ўкраінскіх экспертаў, што ўдары па энергетычнай інфраструктуры цяпер для самой Расеі больш небяспечныя. Абмен ваеннапалоннымі? Гэта было і раней. Яны перадаюць 23 параненых Украіне – добра, няхай гэта будзе жэст добрай волі. А што яшчэ? Размовы пра перамовы былі ў Саудаўскай Аравіі і да гэтага. Вынікаў няма. І тое, што Трамп маўчыць ды не выходзіць да прэсы, – гэта досыць нетыповыя паводзіны», – працягвае суразмоўца.
Фрадмын заўважае: некаторыя ўкраінскія эксперты бачаць станоўчы момант у тым, што Трамп будзе тэлефанаваць Зяленскаму. Але аналітык у гэтым не ўпэўнены.
,,«Праблема можа быць у тым, што Трамп пойдзе паводле самага лёгкага для сябе сцэнара і будзе ціснуць на таго, каго лічыць самым слабым звяном, то бок Украіну. Пабачым, гэта толькі гіпотэза. Чакаем больш інфармацыі, і ад Зяленскага, і ў ЗША ж яшчэ раніца», – кажа палітычны аглядальнік.
Што датычыць магчымага частковага прыпынення агню, то для Расеі няма праблем яго парушыць.
«Яны могуць правакаваць, сказаць, што Украіна нанесла ўдар дронамі – усё, што заўгодна. Гэта ўсё вельмі хістка. Цяпер сітуацыя выглядае так, што Расея сваймі патрабаваннямі зрывае перамір’е. Яно не атрымліваецца менавіта таму, што Расея яго не жадае і хоча зацягваць. Тут вельмі цікава паглядзець на паводзіны Трампа, ці пакажа ён, што не задаволены Масквой, ці будзе ціск на Расею», – кажа Аляксандр Фрыдман.
Покуль сітуацыя выглядае больш пазітыўнаю для Расеі, мяркуе суразмоўца. Бо Крэмль пайшоў на невялікія кампрамісы і пры гэтым не выклікаў абурэння Трампа. Прэзідэнт ЗША нават напісаў пост, у якім назваў размову добрай і прадуктыўнай.
«Але спыняць баявыя дзеянні яны не жадаюць і не збіраюцца. Думаю, сцэнар перамоваў, у які Трампа ўцягваюць, самы непрыемны для яго. Ён не ў стане весці працяглых перамоваў, канцэнтравацца, ён хоча вырашаць усё хутка.
У Расеі, напэўна, палічылі, што, калі яго зацягнуць у перамовы і гэтак цяжка іх праводзіць, то ў пэўны момант ён можа страціць цікаваць ці ўвогуле ўдасца выцягнуць з яго большыя кампрамісы. Масква гуляе ў доўгую, вайна – гэта іх асяродак існавання. А вось Трамп зусім іншы. Пакуль выглядае, што спроба прайсці з напорам і атрымаць вынік адразу не выйшла», – падводзіць рысу Аляксандр Фрыдман.
Арсен Рудэнка belsat.eu