навіны

Трамп ізноў паразмаўляў з Пуціным праз тэлефон. Расея пагадзілася 30 дзён не страляць па энергетычнай інфраструктуры Украіны

Доналд Трамп размаўляе праз тэлефон
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Доналд Трамп размаўляе праз тэлефон у Авальным кабінеце. Вашынгтон, ЗША. 6 студзеня 2021 года. Фота: National Archives and Records Administration / United States House Select Committee on the January 6 Attack
podpis źródła zdjęcia

Уладзімір Пуцін і Доналд Трамп стэлефанаваліся 18 сакавіка, каб абмеркаваць вайну ва Украіне. Яны размаўлялі больш за паўтары гадзіны. Пуцін не прыняў прапановы спыніць агонь, узгодненай Штатамі з Украінай. Паводле версіі Крамля, Трамп такога і не прапаноўваў.

Уладзімір Пуцін падчас наведвання пункту кіравання курскаю групоўкай. Адметна, што ён быў у вайсковай уніформе. Фота: Kremlin.ru

Ці пойдзе Крэмль на саступкі ў вайне? Палітолагі пра адказ Пуціна на прапанову замірэння

навіны

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп 18 сакавіка правёў тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным. Паводле Белага дому, размова пачалася а 10-й раніцы паводле паўночнаамерыканскага ўсходняга часу – каля 17:00 паводле Менску. Каля 19:30 паводле менскага часу ў Белым доме паведамілі, што размова скончылася, трывала больш за паўтары гадзіны. Паводле іншых медыяў, размова трывала дзве з паловай гадзіны. А вось «Sky News» лічыць, што Пуцін прымусіў Трампа чакаць не менш за гадзіну.


Трамп анансаваў гэтую размову загадзя. Казаў: «Мы хочам паглядзець, ці зможам мы пакласці канец гэтай вайне. Магчыма, мы зможам, а можа, не зможам, але я думаю, што ў нас ёсць вельмі добры шанец». На пытанне пра тое, якія саступкі разглядаюцца на перамовах аб спыненні агню, Трамп сказаў: «Мы будзем размаўляць пра зямлю. Мы будзем размаўляць пра электрастанцыі».

Расейскае інфармагенцтва ТАСС паведамляе першыя падрабязнасці:


  • Пуцін падтрымаў ідэю Трампа аб узаемнай адмове Расеі і Украіны ад удараў па энергетычнай інфраструктуры цягам 30 дзён і даў такую ​​каманду вайскоўцам. Паводле ТАСС, Трамп прапаноўваў толькі адмову ад удараў па энергетычнай інфраструктуры, а не поўнае спыненне агню.
  • Поўнага спынення агню пакуль не будзе: Пуцін «пазначыў шэраг істотных момантаў наконт ініцыятывы Трампа аб 30-дзённым замірэнні, звязаных з недамоваздольнасцю Кіева», сказалі ў Крамлі.
  • Пуцін назваў ключавой умовай для развязання «канфлікту ва Украіне» поўнае спыненне вайсковай дапамогі Кіеву.
  • Расея і ЗША дамовіліся распачаць перамовы пра бяспеку мараходства ў Чорным моры.
  • Пуцін паведаміў Трампу, што Расея і Украіна 19 сакавіка правядуць абмен палоннымі 175 на 175 чалавек. У якасці «жэсту добрай волі» Расея перадасць Украіне 23 цяжка параненых украінскіх вайскоўцаў.
  • Пуцін і Трамп выказаліся за «нармалізацыю двухбаковых адносінаў у святле агульнай адказнасці за стабільнасць у свеце».
  • Пуцін і Трамп абмеркавалі «шырокі спектр напрамкаў, у якіх можна наладзіць супрацу».
  • Яны пацвердзілі намер працягваць намаганні для ўрэгулявання «ўкраінскага канфлікту» (то бок расейскага нападу на Украіну). Расея і ЗША маюць стварыць экспертныя групы для ўрэгулявання, неадкладна распачаць новыя перамовы на Блізкім Усходзе.
  • Трамп падтрымаў ідэю Пуціна арганізаваць матчы Нацыянальнай хакейнай лігі ЗША і расейскай Кантынентальнай хакейнай лігі.


Прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Лэвіт пазней паведаміла пра перамовы наступнае:

,,

«Абодва лідары пагадзіліся, што гэты канфлікт павінен скончыцца трывалым мірам. Яны таксама падкрэслілі неабходнасць паляпшэння двухбаковых адносінаў паміж ЗША і Расеяй. Кроў і скарбы, якія і Украіна, і Расея патрацілі ў гэтай вайне, лепш выдаткаваць на патрэбы сваіх людзей».


«Лідары ​​дамовіліся, што рух да міру пачнецца з энергетычнага і інфраструктурнага спынення агню, а таксама з тэхнічных перамоваў аб выкананні марскога спынення агню ў Чорным моры, поўнага спынення агню і трывалага міру. Гэтыя перамовы неадкладна пачнуцца на Блізкім Усходзе».


Паводле прэс-сакратаркі Белага дому, перамовы закранулі таксама «неабходнасць спыніць распаўсюджванне стратэгічнай зброі», Пуцін і Трамп пагадзіліся, што «Іран ніколі не павінен быць у стане знішчыць Ізраіль». Паведамленне пра размову завяршаецца такімі словамі:

,,

«Абодва лідары ​​пагадзіліся, што будучыня з палепшанымі двухбаковымі адносінамі паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй мае велізарныя плюсы. Гэта ўключае ў сябе вялізныя эканамічныя ўгоды і геапалітычную стабільнасць, калі мір будзе дасягнуты».


Яшчэ падчас размовы Трампа і Пуціна ва Украіне абвясцілі чарговую паветраную трывогу праз пагрозу ўдараў беспілотнікамі. Пазней Паветраныя сілы Украіны паведамілі, што ёсць пагроза ўдараў балістычным узбраеннем.


У Офісе прэзідэнта Украіны на момант публікацыі не каментавалі перамоваў Трампа і Пуціна.


Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны з апазіцыйнай фракцыі «Європейска солідарність» Аляксей Ганчарэнка напісаў: Пуцін быў вымушаны пайсці на нейкую дээскалацыю – і выбраў для пачатку энергетыку як найвыгаднейшую для сябе, а далей будзе выгандлёўваць кожны наступны крок і цягнуць час. Украінскі ананімны Telegram-канал «Полковник ГШ» патлумачыў, што адмова ад удараў толькі па энергетычнай інфраструктуры выгадная Расеі: Украіна апошнія тры гады перажывала такія ўдары і ўжо навучылся ад іх бараніцца, а Расея толькі цяпер пачала адчуваць балючыя ўдары па нафтаперапрацоўчых заводах, нафтабазах і інфраструктуры транзіту газу.


Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман мяркуе, што Пуцін наўмысна цягне час і не збіраецца адмаўляцца ад сваіх невыканальных патрабаванняў: спынення мабілізацыі ва Украіне і спынення паставак зброі Украіне на час замірэння. На думку Фрыдмана, Трамп цяпер мае тры варыянты:


  1. Пагадзіцца на перамовы без замірэння. Перамовы могуць ісці доўга і скончыцца правалам.
  2. Ціснуць на Кіеў, каб той прыняў умовы Масквы.
  3. Ціснуць на Маскву, каб прымусіць яе адмовіцца ад патрабаванняў і пагадзіцца на поўнавартаснае замірэнне.
Прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна пасля перамоваў. 13 сакавіка 2025 года. Фота: kremlin.ru

Крамлёўская шахматная партыя: роля Лукашэнкі ў вялікай гульні

Аналітыка

***


11 сакавіка ў Саудаўскай Аравіі прайшлі перамовы кіраўніцтва Украіны з амерыканскай дэлегацыяй. ЗША пагадзіліся аднавіць абмен звесткамі выведкі і вайсковую дапамогу Украіне, а Украіна прыняла прапанову з боку Злучаных Штатаў аб увядзенні рэжыму спынення агню на 30 дзён. Пуцін фармальна пагадзіўся з ідэяй спынення агню, але выставіў мноства ўмоваў


Дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Майкл Ўолц казаў, што магчымы кампраміс можа прадугледжваць абмен тэрыторыяў на гарантыі бяспекі для Украіны і вызначэнне яе будучага статусу. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ж адмаўляецца ад тэрытарыяльных саступак Расеі і кажа, што не мае ілюзіяў адносна выканання Расеяй патэнцыйных дамоваў аб замірэнні.


Размова Трампа з Пуціным 18 сакавіка была не першай за другі прэзідэнцкі тэрмін Трампа. Пасля сваркі з Зяленскім 28 лютага Трамп расказваў, што ўжо стэлефаноўваўся з Пуціным перад сустрэчай з прэзідэнтам Украіны. Трамп даводзіў, што Пуцін «таксама хоча спыніць вайну», таму Зяленскі «не павінен казаць пра Пуціна негатыўныя рэчы», бо «ў яго няма картаў на руках». 


У часе сённяшняй размовы Пуціна з Трампам Зяленскі быў з візітам у Фінляндыі, дзе размаўляў пра падтрыманне абароны Украіны і еўрапейскую інтэграцыю. Украінскія войскі тым часам штурмавалі Белгарадскую вобласць Расеі. А старшыня Еўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен у гэты час выступала ў Каралеўскай вайсковай акадэміі Даніі ў Капэнгагене – і заявіла, што Расея рыхтуецца да канфрантацыі з еўрапейскімі дэмакратычнымі краінамі, бо ЗША пераключаюць сваю ўвагу на Інда-Ціхаакіянскі рэгіён. А нямецкі Бундэстаг незадоўга да размовы Пуціна і Трампа ўхваліў шматмільярдны пакет на абарону і інфраструктуру, зрабіўшы гістарычнае выключэнне з «даўгавога тормазу».


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10