навіны

Медыі: Вагнэраўцы навучаюць у Беларусі афрыканскіх хаўруснікаў Крамля вайне дронаў

Лівійскія вайскоўцы ў Беларусі. Фота: شعبة الاعلام -الجيش الليبي / Facebook
Лівійскія вайскоўцы ў Беларусі. Фота: شعبة الاعلام -الجيش الليبي / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Польская вайсковая выведка занепакоеная ростам колькасці курсаў вядзення баявых дзеянняў з выкарыстаннем беспілотнікаў, што праводзяць з дазволу лукашэнкаўскіх уладаў чальцы расейскай ПВК Вагнэра на аэрадроме пад Віцебскам. Пра гэта паведамляюць французскія медыі.

Іван Церцель асабіста сустракае прадстаўнікоў лівійскай дэлегацыі ў Менску. Фота: belta.by
Навошта генерала лівійскай арміі прывезлі ў Беларусь, ды яшчэ і на самалёце Лукашэнкі навіны

Паводле крыніц «Intelligence Online» ў Варшаве, штомесяц у навучальны цэнтр (размешчаны ў пункце 55°11'20ʼN 30°13ʼ38ʼE) прыязджае шмат замежных стажыстаў з Афрыкі. Напрыклад, у канцы лютага туды прыязджалі байцы 36-га батальёну спецназу Лівійскай нацыянальнай арміі Халіфы Хафтара. Таксама некалькі дзён таму ў Віцебску былі сын апошняга Садам Хафтар і Руслан Радзімір Члалян, адказны за лівійскія аперацыі вагнэраўцаў.

Адзначым, што раней пра навучанне ў Беларусі паведамлялі і самыя лівійцы. А раней заяўлялася пра магчымыя пастаўкі Менскам зброі Хафтару.

Найбліжэйшым часам пад Віцебскам чакаюць малійскіх вайскоўцаў для навучання выкарыстанню беспілотнікаў.

,,

«Варшава вельмі занепакоеная распаўсюджваннем гэтага ноу-хау і спрабуе папярэдзіць сваіх супольнікаў у NATO», – адзначае выданне.


Паводле яго, у цэнтры цягам трох тыдняў удзельнікі курсы вывучаюць асновы кіравання тактычнымі назіральнымі і ўдарнымі беспілотнікамі «Autel Robotics Evo II» і «DJI Mavic 3 Pro». Іх таксама навучаюць выкарыстанню камплектаў для скіду боепрыпасаў. Частка курсу прысвечаная зборцы дронаў з выкарыстаннем 3D-друкарак, праграмаванню бартавога забеспячэння, іх кіраванню і выкарыстанню супрацьпяхотных або процітанкавых выбуховых зарадаў. Як заяўляецца, навучальны цэнтр мае вялікую сетку траншэяў і шматлікія згарэлыя бронемашыны, каб увесці курсантаў ва ўмовы, аналагічныя ўмовам украінскага поля бою. Навучанне арганізаванае таксама і на закінутай авіябазе Журжава.

Удзельнікі таксама вучаць глушыць і перахопліваць дроны з дапамогаю некалькіх сістэмаў барацьбы з дронамі тыпу SERP-VS6D, пастаўленых «Растэхам».

Польскія спецслужбы непакояцца, што вагнэраўцы могуць быць уцягнутыя ў правядзенне таемных і дэстабілізацыйных аперацыяў супраць Польшчы. Гэтая занепакоенасць узмацняецца тым фактам, што расейскія ваенізаваныя фармаванні ў Беларусі навучаюць таксама і беларускіх вайскоўцаў, у тым ліку дэсантнікаў, спецназаўцаў і атрад КДБ «Альфа».

Адзначым, што ў Малі вагнэраўцы дапамагаюць мясцовым уладам ваяваць з паўстанцамі. Не заўсёды ўдала. Гэтак, у канцы ліпеня 2024 года яны разам з урадавымі войскамі трапілі ў пастку паўстанцаў-туарэгаў. Маглі быць забітыя да 82 расейскіх наймітаў. Яшчэ шасцёра вагнэраўцаў былі забітыя ў лістападзе групоўкай «Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін», звязанай з тэрарыстычнай арганізацыяй «Аль-Каіда».

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10