Нядаўна беларуская блогерка ўзарвала сацсеткі, паказаўшы гомельскі аэрапорт. У TikTok гэта відэа назвалі «рэпартажам з савецкага мінулага». Чаму горад з 500 тысячамі насельніцтвам не можа развіць авіяцыйнай інфраструктуры, у той час як у суседніх краінах аэрапорты гарадоў такога ж памеру працуюць эфектыўней? Разбяромся, што пайшло не так.
Як блогерка адчыніла скрыню Пандоры
На паперы гомельскае лётнішча мае статус міжнароднага, але ў рэальнасці… ёсць адчуванне, што нешта тут даўно пайшло не так. Аэрапорт больш падобны да закінутага вакзалу, які даўно перастаў выконваць сваю функцыю.
Штуршком да новай хвалі абмеркаванняў аэрапорту ў Гомлі сталася відэа, якое беларуская блогерка @veronika_mur запосціла ў TikTok. Жанчына паказала інтэр’ер гомельскага аэрапорту, у якім пабывала падчас аднаго з апошніх падарожжаў. Пасажырскі тэрмінал выглядае так, быццам без рамонту прастаяў некалькі дзесяцігоддзяў: цёмныя зялёныя сцены, аскепкі пластыкавых панэляў, якія боўтацца на столі, старыя надпісы, што ўжо не маюць сэнсу, вядро са швабрай і анучай у куце…
«Я лётала з розных гарадоў: Менску, Варшавы, Вільні. І калі ўпершыню апынулася ў аэрапорце Гомля, у мяне быў шок. Ён нібыта захрас у 1980-х», – адзначыла блогерка.
Відэа выбухнула ў TikTok, выклікаўшы тысячы каментароў. Карыстальнікі з іроніяй пісалі: «Як на Кубе», «Гэта месца забылі мадэрнізаваць 40 гадоў таму», «Дзе тут віно за $ 1, калі ўжо поўны "all inclusive"?», «Капсула часу, якая вядзе не ў будучыню, а ў мінулае», «Нам расказваюць пра мадэрнізацыю, але тут нават рамонту не відаць», – такія былі першыя рэакцыі карыстальнікаў.
Але смешнага мала. Тое, што міжнародны аэрапорт у другім паводле велічыні горадзе Беларусі выглядае пустым і забытым, выклікае сур'ёзныя пытанні. Чаму ён не працуе, як паўнавартасны транспартавы вузел?

Ад авіягавані да пустога тэрміналу
Трэба адзначыць, што такім гомельскі аэрапорт быў не заўсёды. Пасажырскі тэрмінал пабудавалі яшчэ ў 1969 годзе. У 1988-м яго пасажыраплынь складала больш за 300 тысячаў чалавек: самалёты лёталі ў Маскву, Ленінград, Кіеў, Адэсу, Краснадар ды іншыя гарады.
Але пасля развалу СССР сітуацыя змянілася. Паветраны транспарт перастаў быць даступны масаваму пасажыру, а дзяржава не змагла забяспечыць эфектыўную мадэрнізацыю авіяцыйнай інфраструктуры.
У 1990-х аэрапорт перажыў перыяд стагнацыі: колькасць рэйсаў скарачалася. У 2000-х намаганнямі кампаніі «Гомельавія» маршруты спрабавалі аднаўляць, але праз нізкую напаўняльнасць усе яны неўзабаве спыняліся.
У выніку ў 2011 годзе «Гомельавія» збанкрутавала, а аэрапорт апынуўся ў падпарадкаванні «Белаэранавігацыі». З таго часу ён перастаў функцыянаваць у поўным аб’ёме і паступова ператварыўся ў пустку, якая нагадвала музей савецкай авіяцыі.
Найлепшы паказнік за новы час быў дасягнуты ў 2019-м: тады праз аэрапорт Гомля прайшло каля 65 тысяч пасажыраў, былі выкананыя прыкладна 1200 рэйсаў за год. Палова з гэтых рэйсаў выконвалася на самалётах тыпу «Boeing 737», разлічаных на 150–190 месцаў.
Пасля 2020 года (пандэмія і санкцыі) паказнікі Гомля зноў зменшыліся. Паводле афіцыйных звестак, сітуацыя крыху змянілася ў кастрычніку 2023 года, калі пасля доўгага зацішша зʼявіўся пастаянны рэйс у Маскву. У 2024-м «Белавія» перавезла з аэрапорту Гомля прыкладна 50 тысяч пасажыраў. І гэта сціплы ўзровень.

Эксперты: Рэйсы ў Расею сёння – максімум для гомельскага аэрапорту
На сёння ў Гомлі дзеіць толькі пара рэгулярных рэйсаў – некалькі на тыдзень у Маскву і Санкт-Пецярбург (апошні дадалі адносна нядаўна). Сезонна з’яўляюцца некалькі чартараў у Турцыю і Егіпет. Нягледзячы на гэта, пасажыраплынь аэрапорту ўсё роўна катастрафічна нізкая.
«Рэгулярныя рэйсы з Гомля ў Маскву і Санкт-Пецярбург – напэўна, максімумам для гэтага абласнога аэрапорту. Што датычыць палётаў у ЕЗ, то ў звязку з санкцыямі пра іх не можа быць і гаворкі. Іншыя кірункі не набіралі б прымальнай для перавозніка запаўняльнасці. Ніхто не будзе працаваць сабе ў страту, таму колькасць рэйсаў абмяжоўваецца рэнтабельнымі кірункамі. У выпадку Гомля гэта азначае залежнасць ад рэйсаў у Расею і некалькіх сезонных чартарных праграмаў, – каментуе «Белсату» сітуацыю эксперт у сферы авіяцыі. – Аэрапорт Гомля носіць другасны характар для «Белавіі», таму і абслугоўваецца паводле рэшткавага прынцыпу».
Паводле суразмоўцы, аэрапорт крыху «ажыў», і гэта значыць, што яго інфраструктура будзе ўдасканаленая. Змены анансаавалі і ў лётнішчах Берасця і Горадні.
«Каб змяніць сітуацыю да лепшага, беларускія турыстычныя агенцтвы ў цеснай кааперацыі з «Белавіяй» мусяць прааналізаваць, якія міжнародныя кірункі з вылетам з менскага аэрапорту найбольш папулярныя ў гомельцаў. Улічваючы колькасць рэйсаў з Менску ў ААЭ, гэта як мінімум Эміраты. Так што варта было б для пачатку запусціць з Гомля чартар у ААЭ. А там ужо вызначыць загружанасць рэйсаў. Варта звярнуць увагу і на Грузію. Акрамя таго, немалаважна, каб парк суднаў «Белавія» пашыраўся і папаўняўся новымі самалётамі. А гэта, паводле гендырэктара кампаніі Ігара Чаргінца, мае адбыцца ўжо ў гэтым годзе. Я гэтую інфармацыю таксама пацвярджаю», – дадаў эксперт.
На думку яшчэ аднаго нашага эксперта, працаўніка «Белавіі», усё не так аптымістычна, і адна з галоўных прычынаў застою гомельскага аэрапорту – усё ж палітыка дзяржавы.
,,«Па-першае, улады наўмысна стрымліваюць канкурэнцыю, абараняючы пазіцыі і манаполію «Белавіі». У 2018 годзе нават вяліся перамовы з расейскаю «Победой» наконт палётаў у Гомель, але ніякіх вынікаў гэта не дало.
Другая праблема, паводле суразмоўцы, – гэта адсутнасць інвестыцыяў. Няма рэйсаў – няма сродкаў на мадэрнізацыю. Няма мадэрнізацыі – няма новых перавознікаў. Замкнёнае кола. У выніку беларусы з Гомля і суседніх гарадоў часцей лётаюць праз Менск ці нават Вільню і Варшаву (калі ёсць Шэнген).
«Яшчэ адна праблема – вонкавыя фактары, – дадае работнік «Белавіі». – Санкцыі пасля 2021 года закрываюць для Беларусі еўрапейскае неба, што абмяжоўвае геаграфію палётаў. Акрамя таго, блізкасць да мяжы з Украінаю, дэ-факта зоны канфлікту, стварае дадатковыя рызыкі і псіхалагічны бар’ер для міжнародных перавознікаў. Напрыклад, у пачатку 2022 года аэрадром Гомля выкарыстоўваўся расейскімі вайсковымі беспілотнікамі падчас падзеяў ва Украіне, што негатыўна адбілася на яго рэпутацыі як цывільнага хабу».
Пазіцыя ўладаў: аэрадром Гомля і сёння здольны прымаць буйныя самалёты
Яшчэ ў 2018 годзе ўрад абвясціў канцэпцыю развіцця абласных авіявузлоў, паводле якой «кожны з іх павінен мець сваю спецыялізацыю». Гомельскаму аэрапорту тады адвялі ролю рэзервовага для менскага нацыянальнага (для перакіравання рэйсаў у выпадку надзвычайнай сітуацыі). Адпаведна, патрабуецца падтрымліваць яго тэхнічную гатовасць прымаць любыя тыпы паветраных суднаў 24/7.
Быў распрацаваны нават праект рэканструкцыі тэрміналу, што прадугледжвае пашырэнне і мадэрнізацыю зон прылёту і вылету, рэгістрацыі, мытнага і памежнага кантролю. Планавалася пашырэнне сеткі рэйсаў, прыцягненне новых перавознікаў.
У 2020 годзе, каб павялічыць прыбыткі, у гомельскім тэрмінале планавалася адкрыць крамы «duty free». У тым жа годзе планавалася цалкам абнавіць залу вылету і ўсталяваць новае тэхналагічнае абсталяванне для правярання багажу і пасажыраў. Згадвалася пра пашырэнне тэрміналу, маўляў, «з’явяцца дзве залы змяшчальнасцю 500–600 чалавек». Паведамлялася, што першы этап рэканструкцыі будзе фінансавацца са сродкаў гораду і Дэпартаменту авіяцыі Мінтрансу.

Часткова гэтыя працы нават распачаліся. Як адзначаюць пасажыры, зона рэгістрацыі ў Гомлі выглядае значна больш свежай, чымся састарэлая зала чакання, бо яе крыху аднавілі.
У 2023 годзе ўлады пацвердзілі, што праграмы развіцця будуць рэалізоўвацца і далей: размова вялася і пра будынак аэрапорту, і ўзлётна-пасадачную паласу. Аднак за 2024-га з гэтых абяцанняў было рэалізавана… амаль нічога. Зʼявіліся толькі некалькі рэйсаў у Санкт-Пецярбург.
Але кіраўніцтва вобласці запэўнівае, што аэрадром Гомля і сёння здольны прымаць усе тыпы суднаў.
А як у іншых?
У той жа час у суседніх краінах рэгіянальныя лётнішчы актыўна функцыянуюць. Да прыкладу, аэрапорт у польскім Любліне з насельніцтвам каля 340 тысячаў чалавек быў адкрыты ў 2012 годзе і хутка прайшоў шлях ад невялікага абʼекту да актыўнага транспартавага вузла, прыняўшы ўжо ў 2018-м каля 455 тысяч пасажыраў.
У Беларусі, як мы бачым, падобны аэрапорт не атрымаў адпаведнага развіцця. У 2019 годзе гомельскі аэрапорт перавёз 65 тысяч пасажыраў, а ў 2024-м гэтая лічба склала прыкладна 50 тысячаў.
Калі не хочацца параўноўваць з Еўразвязам, можна параўнаць з той жа Расеяй. Да прыкладу, з аэрапортам Бранску. Насельніцтва гораду – прыкладна 400 тысячаў чалавек. І яго аэрапорт таксама амаль знік у 1990-я, але пасля інвестыцыяў і адкрыцця новых рэйсаў паказаў рост. У 2019 годзе бранскі аэрапорт абслугоўваў каля 59 тысяч пасажыраў (нават меней за гомельскі ў той жа год). Але пасля рэканструкцыі і адкрыцця новых рэйсаў у Маскву, Санкт-Пецярбург і на курорты Чорнага мора ў 2021-м колькасць пасажыраў дасягнула 140 тысячаў.
А вось яшчэ адзін прыклад. У 2024-м пасля 30-гадовага перапынку аднавіліся палёты з лётнішча Берасця ў Маскву. За красавік – снежань 2024 года праз Берасце былі перавезеныя крыху больш за 14 тысяч пасажыраў. Гэта вельмі сціплы паказнік, хоць і ёсць меркаванне, што цяпер аэрапорт рыхтуюць да мадэрнізацыі і адкрыцця новых маршрутаў (у планах з 2025 года – рэйсы ў Санкт-Пецярбург і інш.).

Акрамя Менску і Гомля, у Беларусі існуюць яшчэ некалькі міжнародных аэрапортаў – у Горадні, Віцебску і Магілёве, але яны таксама не могуць пахваліцца значным ростам пасажыраплыні.
Ці ёсць надзея?
Дзеля нядрэннага функцыянавання гомельскага аэрапорту насамрэч у яго ёсць шмат чаго. Адлегласць да цэнтру гораду – усяго 10 км, што выгодна ў параўнанні з шмат якімі буйнымі еўрапейскімі аэрапортамі. Лётнішча мае статус міжнароднага, што дазваляе выконваць рэйсы за межы Беларусі. Узлётна-пасадачная паласа здольная прымаць вялікія самалёты, у тым ліку «Boeing 737». Плюс добрыя геаграфічныя перавагі.
«Але ўсе гэтыя плюсы могуць застацца практычна бескарыснымі. Пасажыраплынь настолькі нізкая, што аэравакзал застаецца недагледжаным, а камерцыйныя сэрвісы не развіваюцца. Адсутнасць фінансавання, палітыка дзяржавы і манаполія «Белавіі» толькі ўскладняюць сітуацыю. Пакуль беларуская авіяцыя не здольная сустрэцца з сучаснымі выклікамі, рэгіянальныя аэрапорты застануцца ў стагнацыі», – упэўнены работнік «Белавіі».
Надзея Вольная belsat.eu