навіны

Памежны пункт «Грыгораўшчына» аднавіў працу, але можа зачыніцца зноў

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: ganc-chas.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: ganc-chas.com
podpis źródła zdjęcia

Улады Латвіі патлумачылі, чаму часова спынялі працу адзінага дзейнага пункту пропуску на мяжы з Беларуссю. Асноўнай прычынай была рызыка нелегальнага пераходу мяжы групамі мігрантаў, што было заўважана з беларускага боку.

Як паведаміў начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунтыс Пуятс, улады плануюць звярнуцца ва ўрад з просьбай часткова закрыць яшчэ адзін пункт пропуску – «Патэрніекі» («Грыгораўшчына» з беларускага боку), дазволіўшы перасякаць яго толькі на аўтатранспарце. Паводле яго, калі міграцыйны ціск зробіцца крытычным, Латвія можа цалкам закрыць гэты пункт.

Закрыццё «Грыгораўшчыны» на кароткі час адбылося праз праблемы з тэхнічнымі сістэмамі і небяспеку, што імі могуць скарыстацца нерэгулярныя мігранты. Паводле Пуятса, на беларускім баку сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, што выклікала занепакоенасць у латышскіх памежнікаў. Пункт пропуску аднавіў працу ў ноч на нядзелю.

,,

«Прааналізаваўшы інфармацыю, мы прыйшлі да высновы, што існуе высокая рызыка таго, што пункт можа быць выкарыстаны для масавага пранікнення нелегальных мігрантаў у Латвію», – сказаў Пуятс.


Пуятс таксама адзначыў, што асноўны міграцыйны ціск цяпер назіраецца на польскай мяжы, дзе нават зімой да 100 чалавек на дзень спрабавалі нелегальна перайсці мяжу. Улады Латвіі не выключаюць, што частка гэтых плыняў можа быць перанакіраваная на іх тэрыторыю.

У Польшчы тым часам прыняты закон, які дазваляе часова абмяжоўваць права мігрантаў на прашэнне прытулку, калі Беларусь выкарыстоўвае нелегальную міграцыю як элемент гібрыднай вайны.

Нагадаем, што ўрад Латвіі 19 верасня 2023 года пастанавіў закрыць пункт пропуску «Сілэнэ» (з беларускага боку гэта КПП «Урбаны»). На памежным пункце былі ўсталяваныя бетонныя ўмацаванні ды расцягнуты калючы дрот. Такое рашэнне тлумачылася захадамі бяспекі і было звязанае з міграцыйным крызісам. У лютым 2024 года латышскі ўрад пастанавіў пакінуць пункт пропуску «Сілэнэ» закрытым, рашэнне тлумачылася «неабходнасцю перадухілення магчымай пагрозы ўнутранай бяспецы» Латвіі.

Беларускі Дзяржаўны мытны камітэт і Дзяржаўны памежны камітэт пацвердзілі, што латышскі бок спыняў афармленне транспарту з 14:00 16 сакавіка, але нічога не паведамілі пра магчымыя прычыны такога рашэння ўладаў Латвіі.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10