навіны

Пасля пратэстаў у Сербіі прэзідэнт заявіў пра гатовасць да датэрміновых выбараў

img
Акцыя пратэсту ў Бялградзе, Сербія. 15 сакавіка 2025 года. Фота: Srdjan Stevanovic/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч пасля шматтысячнай акцыі пратэсту ў Бялградзе заявіў, што ўлады мусяць вучыцца на памылках, і не выключыў датэрміновых выбараў у краіне праз некалькі месяцаў.

15 сакавіка ў сербскай сталіцы адбылася антыўрадавая акцыя пратэсту, якую медыі назвалі найбуйнейшаю ў гісторыі краіны. Паводле падлікаў актывістаў, на дэманстрацыю выйшлі каля 300 тысячаў асобаў, дзяржаўныя службы лік удзельнікаў ацанілі на 100 тысячаў.


Пратэсты не спыняюцца ў Сербіі з восені пасля трагедыі на чыгуначным вакзале ў горадзе Нові Сад, дзе абвалены бетонны дах забіў 15 асобаў. Гэта здарылася пасля рамонту будынку, што дало падставы абвінаваціць улады ў карупцыі і благім кантролі будаўнічых працаў.

Акцыя пратэсту ў Бялградзе, Сербія. 15 сакавіка 2025 года. Фота: Filip Stevanovic/Anadolu via Getty Images
Акцыя пратэсту ў Бялградзе, Сербія. 15 сакавіка 2025 года. Фота: Filip Stevanovic/Anadolu via Getty Images

Пасля суботняй акцыі прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч зладзіў прэс-канферэнцыю, на якой заявіў пра гатовасць да датэрміновых выбараў, перадае выданне «Informer».


«Я заўсёды гатовы спраўдзіць легітымнасць», – запэўніў кіраўнік дзяржавы і не выключыў, што выбары адбудуцца цягам трох-чатырох месяцаў.


Вучыч таксама сказаў, што ўлады «зразумелі мэсідж»:

,,

«Мы мусім змяняцца і вучыцца на памылках. З іншага боку, я спадзяюся, усе зразумелі, што бальшыня ў Сербіі не жадае каляровай рэвалюцыі, не жадае гвалту і хоча змяніць урад падчас выбараў».


Яшчэ прэзідэнт заявіў, што «адбываецца змена палітычнай парадыгмы», але не растлумачыў, што мае на ўвазе, паабяцаўшы расказаць падрабязна пра гэта «наступным разам».


На акцыі ў суботу адбылося некалькі інцыдэнтаў, зафіксаваныя сутыкненні з сілавікамі. Паводле Вучыча, пацярпелі 56 асобаў, іхнаму жыццю нічога не пагражае. 22 удзельнікі арыштаваныя за «пашкоджанне маёмасці» і «напады на паліцыянтаў».


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10