Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп увечары 14 сакавіка падпісаў указ аб скарачэнні «да мінімуму» сямі федэральных агенцыяў. Сярод іх – Агенцыя ЗША ў пытаннях глабальных медыяў (USAGM), якая курыруе радыё «Свабода» / радыё «Свабодная Еўропа» (RFE/RL), «Голас Амерыкі», радыё «Свабодная Азія», а таксама шэраг іншых дзяржаўных медыярэсурсаў ЗША.
Акрамя USAGM, Указам будуць скарочаныя наступныя агенцыі:.
• Федэральная служба ў пасрэдніцтве і прымірэнні;
• Міжнародны цэнтр навукоўцаў Ўудраў Ўілсана пры Смітсанаўскім інстытуце;
• Інстытут музейных і бібліятэчных паслугаў;
• Міжведамасная рада ЗША ў пытаннях бяздомнасці;
• Фонд фінансавых інстытутаў развіцця супольнасцяў;
• Агенцыя ў развіцці бізнесу нацыянальных меншасцяў.
Цягам сямі дзён кіраўнікі згаданых установаў мусяць адсправаздачыцца аб поўным выкананні ўказу і патлумачыць, якія падраздзяленні ці функцыі агенцыі прадпісаныя законам і ў якой ступені, а далей – зліквідаваць функцыі, не прадугледжаныя законам.
RFE/RL пакуль не каментавала гэты ўказ.
USAGM – незалежная ўрадавая агенцыя ЗША, што займаецца вяшчаннем навінаў і інфармацыйных праграмаў амаль на 50 мовах для аўдыторыі прыкладна 361 мільён чалавек штотыдзень.
Бюджэт USAGM на 2025 год склаў 950 мільёнаў долараў. У яго ўваходзяць:
• радыё «Свабода» / радыё «Свабодная Еўропа» (RFE / RL);
• «Голас Амерыкі»;
• радыё «Свабодная Азія»;
• Офіс радыёвяшчання на Кубу (Radio Martí);
• Блізкаўсходнія радыёвяшчальныя сеткі (MBN);
• Фонд адкрытых тэхналогіяў.
Падчас свайго першага тэрміну прэзідэнцтва Трамп канфліктаваў з USAGM наконт рэдакцыйнай незалежнасці і кірунку праграмаў, піша радыё «Свабода». Пасля вяртання да ўлады ён ізноў выказаў падобныя перасцярогі. Прыхільнікі USAGM мяркуюць, што гэтыя медыярэсурсы служаць важным інструментам дыпламатыі ЗША.
Таксама 14 сакавіка Трамп выказаўся пра медыі, крытычна да яго настроеныя. Ён абвінаваціў CNN і MSNBC у тым, што яны асвятлялі ягоную дзейнасць «на 97,6 % у негатыўным ключы», што гэтыя СМІ – «палітычныя інструменты Дэмакратычнай партыі» і што «гэта трэба спыніць і прызнаць незаконным».
Марыя Міхалевіч belsat.eu