23-гадовы Дзмітрый Губіцкі, жыхар Бараўлянаў пад Менскам, знік без вестак падчас вайны.
Мужчына ўхіляўся ад службы ў беларускім войску, але добраахвотна пайшоў ваяваць за Расею, дзе ўзяў пазыўны Беларус, паведамляе выданне «Наша Ніва».
Губіцкі скончыў будаўнічы ліцэй № 10, але, паводле «БелПолу», у Беларусі не быў афіцыйна ўладкаваны на працу. Ён быў у вышуку за ўхіленне ад службы ў войску.
Апошні раз Губіцкі быў онлайн у сацсетках 19 снежня 2024 года, а з 18 студзеня 2025-га не выходзіў на сувязь з роднымі.
У сацсетках з’явілася абвестка: «Мама шукае сына, дапамажыце знайсці». Губіцкі не меў жонкі і дзяцей.
Перад знікненнем ён пакінуў у сацсетках фразу: «За…лі мяне вучыць жыццю. За сваім сачыце».
Нагадаем, што ў пачатку сакавіка сталася вядома пра грамадзяніна Беларусі, які ўдзельнічаў у вайне ва Украіне на баку Расеі і трапіў у палон. Цяпер ён спадзяецца на абмен і вяртанне дадому. Мужчыну завуць Андрэй Лапатнёў, ён з Віцебску. Беларуса затрымалі за наркотыкі ў Маскве, пасля чаго прымусілі падпісаць кантракт з Міністэрствам абароны Расеі, паабяцаўшы пакінуць яго працаваць у тыле, але ў рэальнасці мужчына трапіў на перадавую.
Раман Шавель belsat.eu