Буйныя амерыканскія медыі за апошні тыдзень публікуюць артыкулы, у якіх кажуць аб праблемах у эканоміцы праз палітыку прэзідэнта ЗША Доналда Трампа. Прагназуюць рэцэсію, дый уласна Трамп не дадае аптымізму. «Белсат» запытаўся ў дарадцы Святланы Ціханоўскай у эканамічных рэформах і кіраўніка эканамічнай каманды Алеся Аляхновіча, адкуль такія прагнозы і чаму для Беларусі гэта таксама дрэнная навіна.
Трампа жорстка крытыкуюць
Тэлекампанія CNN апублікавала тэкст з назвай «У амерыканскай эканоміцы ўтвараюцца расколіны. Трамп – вялікая прычына гэтага». «New York Times» таксама адзін з матэрыялаў называе «Трамп абяцаў амерыканцам бурны рост дабрабыту. Цяпер ён змяняе сваю мелодыю».
Лаяльнае Доналду Трампу выданне «Fox News» папярэджвае амерыканцаў, што эканамічны рост будзе дасягнуты праз боль.
«Тарыфы Трампа могуць выклікаць рэцэсію, але не дэпрэсію, мяркуе эканаміст» называе «Fox business» свой рэпартаж.
,,«Мы будзем мець трохі болю. Але мы мусім гэта зрабіць, перш як прыступіць да гульні», – кажа ў пазначаным матэрыяле кансерватыўны эканаміст Браян Ўэсбэры.
Рыторыка Доналда Трампа сапраўды моцна змянілася. Калі ён абяцаў эканамічны «бум, ні да чаго не падобнага», то цяпер у адказ на пытанне, ці чакаць ЗША рэцэсію, не кажа «не».
,,«Я ненавіджу рабіць такія прагнозы. Гэта пераходны перыяд, бо тое, што мы робім, вельмі важна. Мы вяртаем багацце ў Амерыку. Гэта важна», – сказаў Трамп.
У публікацыях адзначаецца, што колькасць звальненняў у ЗША расце, наём на працу запавольваецца, давер спажыўцоў зніжаецца, а інфляцыя набірае абароты. CNN прызнае, што тыя ж працэсы адбываліся б, калі б прэзідэнтам сталася Камала Гэрыс. Аднак выданне адзначае, што палітыка Трампа пагаршае іх і сее нявызначанасць. Напрыклад, гандлёвыя тарыфы, якія ён уводзіць і супраць канкурэнтаў, і супраць партнёраў, хутчэй за ўсё, прывядуць да росту цэнаў. Бо тарыфы азначаюць, што замежныя тавары маюць абкладацца дадатковым падаткам пры ўвозе ў ЗША, за што прыйдзецца заплаціць пакупнікам. А антымігранцкія захады пагражаюць асноўным галінам, у тым ліку сельскай гаспадарцы, будаўніцтву і ахове здароўя, якія зазнаюць цяжкасці з найманнем персаналу.
Адкуль праблемы ў ЗША?
Дарадца Святланы Ціханоўскай у эканамічных рэформах і кіраўнік эканамічнай каманды Алесь Аляхновіч кажа, што ў эканоміцы ЗША сапраўды назапасіліся пэўныя праблемы.

«Вынікам гэтых праблем з’явіліся выбары, якія былі вельмі палярызаваныя. Шмат людзей ненавідзелі ці адчувалі вялікую непрыязь да кандыдата, за якога не галасавалі. Вельмі адчуваецца, што нешта незвычайнае адбываецца, не проста чарговы электаральны цыкл. Трамп нейкія выкіды зробіць, і зноў усё вернецца на свае месцы», – кажа Аляхновіч.
Адна з самых вялікіх праблемаў у ЗША, якую адчувае кожны амерыканец, – гэта інфляцыя.
,,«За апошнія чатыры гады, пасля ковіду, кошты выраслі сумарна на 25 %. Для ЗША гэта шмат. У сярэднім за апошнія 20 гадоў, якія папярэднічалі ковіду, інфляцыя ў ЗША расла прыкладна на 2 % штогод. То бок звычайная інфляцыя павінна была скласці дзесьці 8–10 %», – працягвае эканаміст.
Рост цэнаў звязаны і з ковідам, і з вайною ва Украіне, і з падаражэннем сыравіны, у тым ліку нафты. Усё гэта прыпала на тэрмін прэзідэнцтва Джо Байдэна. Гэтым Трамп карыстаўся і крытыкаваў свайго папярэдніка, кажучы, што цэны выраслі праз дэмакратаў, якія павялічылі дзяржаўныя выдаткі, а вось Трамп прыйдзе і навядзе парадак.
«Другая праблема – сапраўды высокія выдаткі, якія не пакрываюцца даходамі бюджэту, – працягвае Алесь Аляхновіч. – Больш як на 20 % усіх выдаткаў бюджэту ЗША няма грошай. А ў гэтыя выдаткі ўваходзіць узбраенне, ахова здароўя, сацыяльныя выплаты, утрыманне дзяржаўнай адміністрацыі, вонкавая дапамога, пра якую за апошнія тыдні шмат гаварылася».
Каб узяць грошы на вялікія выдаткі, ЗША выпускаюць новыя дзяржаўныя аблігацыі, то бок пазычаюць пад адсоткі ў замежнікаў ці амерыканцаў.
«У выніку ў ЗША дзяржаўны доўг – гэта больш за 36 трыльёнаў долараў. Гэта дзесьці 120 % ВУП ЗША. Для параўнання, у Беларусі дзяржаўны доўг складае менш за 50 %, у Польшчы – менш за 60 %. Кошт доўгу ЗША настолькі высокі, што адзін трыльён долараў ЗША скіроўвае на пагашэнне адсоткаў.
,,Трыльён – гэта тысяча мільярдаў долараў. Эканоміка ўсёй Беларусі – гэта 70 мільярдаў долараў. То бок ЗША толькі на пакрыццё адсоткаў па пазыках выдаткоўвае штогод 14 эканомік Беларусі», – кажа Аляхновіч.
Выдаткі нарастаюць ужо працяглы час, і Трамп падчас выбарчай кампаніі абяцаў іх скараціць. Цяпер ён спрабуе гэта рабіць у тым ліку з дапамогаю бізнесоўца Ілана Маска. Таму цяпер ідуць звальненні дзяржаўных службоўцаў, замарожванне вонкавай дапамогі і агулам аўдыт выдаткаў у дзяржаўным апараце.

«Ёсць пытанне, наколькі гэта эфектыўна. Мінула паўтара месяца з пачатку прэзідэнцтва Трампа, а ўжо шмат нявызначанасці ў прыватнасці ў дзяржаўным апараце», – адзначае суразмоўца.
Яшчэ адна праблема – з пакупніцкаю здольнасцю сярэдняга заробка ў ЗША, калі разглядаць яго ў доўгатэрміновай перспектыве. У доларах людзі, вядома, з часам зарабляюць больш, але набыць за сярэдні заробак могуць менш.
«Заўсёды новае пакаленне хоча жыць лепш за папярэднікаў, а гэта не ўдаецца вялікай колькасці людзей. Вядома, самыя багатыя ў ЗША жывуць лепш за самых багатых 30 гадоў таму, самыя бедныя таксама жывуць, хутчэй за ўсё, лепш. Але вялікі пласт насельніцтва пасярэдзіне не жыве лепш. Яны жывуць прыкладна на тым жа ўзроўні. То бок ёсць стагнацыя перспектываў. І яны шукаюцца шляхі, як гэта развязаць», – расказвае Алесь Аляхновіч.
Падзенне, пра якое не адказвае Трамп, на гарызонце

Эканаміст адзначае, што ў розны час палітыкі шукаюць розных вінаватых ува ўсіх праблемах. У выпадку Трампа сярод вінаватых – нібыта партыйныя праціўнікі, то бок дэмакраты, мігранты, а таксама партнёры ЗША.
«Чаму Трамп пачаў такую атаку на Канаду, Мексіку, Еўразвяз? Бо ён думае, што, каб адрадзіць прамысловасць ЗША, падняць эканоміку, амерыканскім кампаніям трэба вяртаць вытворчасць у ЗША, а не ставіць яе ў краінах, дзе гэтая вытворчасць будзе таннейшая, бо там больш танная працоўная сіла», – адзначае суразмоўца.
Паводле Аляхновіча, з эканамічнага гледзішча гэта не мае сэнсу.
«Падвышэнне тарыфаў прывядзе да яшчэ большага росту цэнаў і скарачэння занятасці. Калі падвышаюцца тарыфы на імпарт машынаў і кампанентаў, то, магчыма, нехта з аўтавытворцаў перанясе сваю фабрыку ў ЗША. Але ў цэлым машыны будуць больш дарагія, бо трэба аплочваць мыта. Гэта азначае, што будзе менш таксовак, менш кампаніяў, здольных набыць службовую машыну, і гэтак далей. То бок у цэлым будзе менш занятасці ў амерыканскай эканоміцы. Таму я даволі скептычна на гэта гляджу. Мне здаецца, тут даволі шмат інфармацыйнага шуму, магчыма, піяру», – кажа эксперт.
Скептычна ставяцца да перспектываў і інвестары. Ключавыя індэксы на амерыканскім фондавым рынку «Nasdaq» і «S&P500» прасядалі прыкладна на 10 % за апошнія 3–4 тыдні.
«Калі ў снежні і ў лістападзе пасля абвяшчэння вынікаў выбараў інвестары спадзяваліся на лепшае і індэксы з акцыямі раслі, то цяпер ужо наадварот, людзі асцерагаюцца, што палітыка ЗША, прынамсі ў кароткім часе, можа прывесці да рэцэсіі.
Такім чынам, падзенне эканомікі ЗША магчымае. Я пакуль не думаю, што гэта базавы сцэнар. Мне здаецца, пакуль бальшыня эканамістаў думае гэтак сама, але такая магчымасць ужо з’явілася на гарызонце. Нядаўна прыйшла навіна ад аднаго з аддзелаў ФРС ЗША [амерыканскі Нацыянальны банк. – Заўв. рэд.] у штаце Атланта. Паводле яго падлікаў, падзенне эканомікі можа скласці больш за 2 % у першым квартале гэтага года», – працягвае Алесь Аляхновіч.
Фондавыя рынкі прымусяць Трампа змяніць палітыку?

Фондавыя рынкі ў ЗША самыя ліквідныя ў свеце, таму там вялікія аб'ёмы інвестыцыяў, багата кампаніяў каціруецца, адпаведна, там мільёны інвестараў. То бок, каб істотныя змены на фондавых рынках ЗША адбыліся, трэба, каб сапраўды вялікая колькасць інвестараў была залучаная ў працэс. Гэтак і адбылося – шмат хто прадаў свае акцыі, бо чакае пагаршэння стану кампаніяў найбліжэйшым часам.
«Вельмі моцна ўпалі акцыі «Tesla». Больш як на 50 % з піку ў палове снежня. Між іншым гэта адбылося таму, што праз палітыку Ілана Маска і ягоныя выказванні, умешванне ва ўнутраную палітыку Вялікай Брытаніі, Нямеччыны ці Украіны некаторыя пакупнікі сталі байкатаваць «Tesla» праз палітычныя погляды. Інвестары бачаць, што за найбліжэйшыя месяцы праз палітыку свайго кіраўніка «Tesla» можа паказаць горшыя вынікі, таму прадаюць акцыі.
Тое ж адбываецца з іншымі кампаніямі. Інвестары асцерагаюцца палітыкі Трампа. Калі так працягнецца, гэта адаб’ецца і на эканамічных паказніках. Павысіцца інфляцыя, эканоміка замест сярэднестатыстычнага росту накшталт 2–3 % штогод будзе ў стагнацыі ці нават у рэцэсіі», – адзначыў Аляхновіч.
На думку суразмоўцы, для Трампа важнае пытанне фондавых рынкаў, і ён за гэтым сочыць. Трамп таксама раней крытыкаваў адміністрацыю Байдэна: маўляў, пры іх працы акцыі занадта нізкія.
,,«Я ўпэўнены: ён гэтак сама і пра сябе будзе думаць. Калі ён будзе бачыць, што інвестарам не падабаецца ягоная палітыка, думаю, ён пачне яе мяняць, каб спадабацца. Таму падзенне будзе ўплываць не толькі на тых, хто трымае акцыі, але і на палітыку Злучаных Штатаў. Гэткі фідбэк з рынку», – адзначае суразмоўца.
Хоць Беларусь і далёка ад ЗША, калі справы ў амерыканскай эканоміцы пойдуць паводле горшага варыянту, то і Беларусі дастанецца.
«Усё, што адбываецца ў ЗША, адбіваецца на ўсім свеце. Калі будзе падзенне ў ЗША, то будзе і ў партнёраў ЗША, у прыватнасці тых, хто больш гандлюе. Гэта Канада, Мексіка, але таксама і Кітай. А калі ў Кітаю праблемы, то яны будуць і ў Расеі. А калі ўжо і ў Расеі праблемы, то будуць і ў Беларусі. Таму ад клопатаў ЗША беларуская эканоміка дакладна не выйграе. Гэта абавязкова і на нас з вамі адаб’ецца», – падводзіць рысу Алесь Аляхновіч.
Арсен Рудэнка belsat.eu