Бізнесовец Аляксандр Шакуцін больш не ёсць уласнікам машынабудаўнічага холдынгу «Амкадор», піша «Наша Ніва». Кампанія перайшла пад кантроль БелАЗу.
«Амкадор» перайшоў ва ўласнасць Шакуціна ў пачатку 2000-х. Паводле «BELPOL», на 2020 год Шакуцін валодаў 76 % акцыяў прадпрыемства як фізічная асоба і суўладальнік кампаніяў «Наванеп» і «Спамаш».
Каля 11 % акцыяў «Амкадору» належалі кампаніі «Сінтэз-Інвест Груп», якая на 80 % належыць Аніце Эмэт – дачцэ непальца Ніраджа Гавінды Шрэстхі. Дзяржава раней валодала 7 % акцыяў прадпрыемства.
Паводле інфармацыі на сайце прадпрыемства, на цяперашні момант «Амкадор» аб'ядноўвае 27 прадпрыемстваў, у тым ліку 19 заводаў з прыкладна 7000 працаўнікоў.
У 2016 годзе Шакуцін пачаў будаўніцтва бізнес-цэнтру «Шантэр Хіл» каля Драздоў, які дасюль так і стаіць недабудаваны. Шакуцін жа з гэтым праектам трапіў у крэдытную пастку, пра што падрабязна распавядаў «BELPOL» у матэрыяле пра даўгі «Амкадору» за 2024 год. На 1 верасня 2022-га крэдытная нагрузка кіроўнай кампаніі холдынгу складала амаль 509 мільёнаў беларускіх рублёў, ці 188 мільёнаў долараў на той час. З іх 120 мільёнаў – пазыка Кітаю на будаўніцтва «Шантэр Хілу». Рэшта сумы – доўг перад беларускімі дзяржаўнымі банкамі.
У 2022 годзе «Амкадор» атрымаў фінансаванне ад Расеі, трапіўшы пад праграму імпартазамяшчэння, і пачаў будаваць у суседняй краіне зборачныя заводы. Але для беларускай дзяржавы холдынг заставаўся баластам.
У выніку на пачатку 2025 года на фоне вялізных фінансавых праблемаў «Амкадор» быў фактычна нацыяналізаваны. У галоўную кампанію холдынгу прызначаны часовы вонкавы кіраўнічы. Але кампанія не ў стадыі банкруцтва або ліквідацыі.
Імя кіраўнічага як фізічнай асобы нідзе не фігуруе, што значыць, што фармальны новы дырэктар яшчэ не прызначаны, а ролю кіраўніка выконвае юрыдычная асоба «Беларускага аўтамабільнага заводу» – жодзінскі БелАЗ.
«Наша Ніва» выказвае меркаванне, што цэнтр жыццёвых інтарэсаў ужо былога кіраўніка «Амкадору» Аляксандра Шакуціна перамесціцца ў Расею, дзе дзеюць некалькі заводаў «Амкадору»: «Амкадор-Бранск», «Амкадор-Анега», «Амкадор-Агідэль», «Эксам» і «Амкадор-ЛТЗ», а таксама дылерская сетка «Амкадору». Структура ўласнасці гэтых кампаніяў паказвае, што беларуская дзяржава не зможа аўтаматычна атрымаць кантроль над усімі імі пасля таго, як стала ўласнікам галаўной кампаніі холдынгу ў Беларусі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu