навіны

У Сейме Літвы абмяркуюць ануляванне ВНЖ беларусам, якія рэгулярна ездзяць на радзіму

ВНЖ Літвы
Беларускі пашпарт і літоўскія карткі часовага дазволу на жыхарства. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Лідар літоўскай партыі кансерватараў Лаўрынас Касчунас дамагаецца больш жорсткіх абмежаванняў для беларусаў, якія рэгулярна выязджаюць з Літвы на радзіму. Палітык мае намер зарэгістраваць свае прапановы ў Сейме ў пятніцу, 14 сакавіка.

Літоўскі Сейм рыхтуецца працягнуць яшчэ на год санкцыі ў дачыненні грамадзянаў Расеі і Беларусі, якія раней былі ўведзеныя да 2 траўня 2025-га. Урад Літвы прапануе захаваць абмежавальныя захады ў законе без зменаў і пакінуць іх у ранейшым выглядзе. Лаўрынас Касчунас лічыць санкцыі недастаткова жорсткімі.

,,

«Мы сёння зарэгіструем папраўкі, прапануем крыху ўзмацніць праект, увесці адны і тыя ж абмежаванні для грамадзянаў Расеі і Беларусі. Калі чалавек, які мае дазвол на жыхарства ў Літве, вяртаецца ў Беларусь хаця б раз на тры месяцы з неаб’ектыўных прычынаў, без тлумачэння прычынаў, то бок робіць гэта рэгулярна, то ягоны дазвол на жыхарства ў Літве анулююць», – заявіў палітык.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: hpravy.org
Літоўскія спецслужбы расказалі, якія пагрозы бачаць у Беларусі і беларусах навіны

Санкцыі ў звязку з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны забараняюць прыём заяваў на атрыманне шэнгенскай візы ад грамадзянаў Беларусі і Расеі. Таксама прыпынены прыём заяваў грамадзянаў Расеі на атрыманне часовага віду на жыхарства ў Літве, за выключэннем тых, хто мае дзейную шэнгенскую або нацыянальную візу ці від на жыхарства, выдадзены Літвой або іншаю дзяржаваю – сябрам Еўразвязу.


Грамадзяне Расеі, якія едуць праз вонкавую мяжу ЕЗ на тэрыторыю Літвы, паддаюцца індывідуальнаму дадатковаму дэталёваму правяранню на прадмет пагрозы, якую ўяўляе сабой іхны ўезд у Літву.


У выпадках, калі грамадзяне Беларусі мінаюць вонкавую мяжу ЕЗ на тэрыторыі Літвы, праводзіцца дадатковая ацэнка рызыкі пагрозы, якую ўяўляе іхны ўезд для дзяржаўнай палітыкі, унутранай бяспекі, здароўя насельніцтва або міжнародных стасункаў любой з дзяржаваў – чальцоў Шэнгенскай зоны.


Таксама раней Сейм забараніў увозіць у Літву сельскагаспадарчую прадукцыю і кармы, вырабленыя ў Беларусі і Расеі. Акрамя таго, расейцам, якія не маюць віду на жыхарства ў Літве, забаронена набываць нерухомасць у Літве.


Санкцыі дзеюць з 3 траўня 2023 года.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10