Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Вэнс пракаментаваў заклік прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды да Злучаных Штатаў перадаць ядравую зброю ў Польшчу для стрымлівання расейскай агрэсіі.
Джэй Ды Вэнс заявіў, што быў бы здзіўлены, калі б Доналд Трамп падтрымаў гэтую ідэю.
,,«Я не размаўляў з прэзідэнтам пра гэтае пытанне, але я быў бы шакаваны, калі б ён падтрымаў распаўсюд ядравай зброі далей на ўсход у Еўропу», – сказаў Вэнс у інтэрв’ю «Fox News».
Вэнс дадаў, што з ядраваю зброяй трэба быць асцярожнымі, бо «мы рызыкуем існаваннем чалавечай цывілізацыі».
«Прэзідэнт Трамп лічыць сябе прэзідэнтам міру і ёсць такім. Такія людзі, як Джо Байдэн, вялі нас да ядравага канфлікту, а ў Трампа зусім іншы падыход», – сказаў віцэ-прэзідэнт.
Напярэдадні Анджэй Дуда заклікаў ЗША размясціць ядравую зброю ў Польшчы для стрымлівання Расеі. Прэзідэнт Польшчы выказаў упэўненасць, што Трамп можа прыняць такое рашэнне – пра перамяшчэнне ядравых боегаловак з Заходняй Еўропы ці ЗША ў Польшчу.
«Межы NATO перамясціліся на ўсход у 1999-м, таму праз 26 гадоў таксама павінен адбыцца зрух інфраструктуры NATO на ўсход. Для мяне гэта відавочна. Я думаю, рэч не толькі ў тым, што прыйшоў час, але і ў тым, што было б бяспечней, калі б гэтая зброя ўжо была», – казаў Дуда.
5 сакавіка прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што гатовы абмеркаваць пашырэнне французскай праграмы ядравага стрымлівання на іншыя еўрапейскія краіны.
7 сакавіка Доналд Трамп апавёў, што хацеў бы правесці перамовы з Расеяй і Кітаем у пытанні адмовы ад ядравай зброі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu