навіны

Дуда зноў намякнуў на размяшчэнне ў Польшчы ядравай зброі. Ці трэба гэта Польшчы?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Амерыканская міжкантынентальная балістычная ракета «Titan II», здольная несці ядравы набой, у музеі каля Тусану, Арызона, ЗША. Фота: Titanmissilemuseum.org
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Амерыканская міжкантынентальная балістычная ракета «Titan II», здольная несці ядравы набой, у музеі каля Тусану, Арызона, ЗША. Фота: Titanmissilemuseum.org
podpis źródła zdjęcia

Польскія палітыкі, у тым ліку прэм’ер-міністр і міністр замежных справаў, раскрытыкавалі прэзідэнта за заяву пра «ядравы парасон». Але крытыкавалі пераважна не ідэю, а тое, як была зробленая заява. Ці сапраўды Польшчы трэба размяшчаць у сябе амерыканскую ядравую зброю? «Белсат» спытаў польскага аналітыка.

У інтэрв’ю «Financial Times» прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выказаўся за размяшчэнне ў Польшчы амерыканскай ядравай зброі паводле праграмы «nuclear sharing» або за прапанаваны прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам «ядравы парасон». Абодва варыянты, паводле Дуды, «вартыя ўвагі» і не ўзаемавыключальныя.


Дуда назваў такую ідэю «відавочнаю»: Польшча ўжо даўно ўваходзіць у NATO, можна было б пасунуць на ўсход і інфраструктуру альянсу, а ядравая зброя магла б стацца добрым фактам стрымлівання расейскай агрэсіі. Пра гэта Дуда казаў і раней – і яго нават падтрымліваў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.


Цяперашняя заява Дуды спадабалася далёка не ўсім у Польшчы. Прэм’ер-міністр Дональд Туск сказаў, што такія справы развязваюцца не праз інтэрв’ю замежным медыям, а рабіць такія заклікі варта, калі ёсць пэўнасць, што яны будуць пачутыя. Міністр замежных справаў Радослаў Сікорскі абурыўся: за замежную палітыку ў Польшчы адказвае ўрад, а не прэзідэнт, і такія пытанні абмяркоўваюцца не публічна, а ў спецыяльнай групе ядравага планавання і з краінамі, якія тою зброяй валодаюць. 


Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Вэнс заявіў, што быў бы здзіўлены, калі б Доналд Трамп падтрымаў гэтую ідэю. Ён дадаў, што  з ядраваю зброяй трэба быць асцярожнымі, бо «мы рызыкуем існаваннем чалавечай цывілізацыі».


Выказванні Дуды крытыкавалі і іншыя, але ў Польшчы казалі пераважна тое, як была агучаная ідэя – значна менш крытыкавалі ўласна ідэю. Нават Туск сказаў, што Дудам магла кіраваць добрая воля і жаданне ўмацаваць бяспеку.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда дае інтэрв’ю «Financial Times». Фота: Grzegorz Jakubowski / KPRP
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда дае інтэрв’ю «Financial Times». Фота: Grzegorz Jakubowski / KPRP

Значыць, прапанова не такая і кепская? «Белсат» спытаў пра гэта аналітыка польскага выдання «Defence24» Міхала Брушэўскага. Той найперш падкрэсліў, што не ёсць палітыкам і не ацэньвае, як была зробленая заява, а разважае пра пытанне бяспекі.


Ад чаго Польшчы бараніцца ядраваю зброяй?


Прапанову размясціць ядравую зброю ў Польшчы Брушэўскі лічыць «вельмі добрай, хоць і малаімавернай».

,,

«Думаю, ядравы парасон над Польшчаю патрэбны. Трэба ўзмацніць польскую абарону, патэнцыял адпуджвання. І кожная ініцыятыва, ці то пра канвенцыйныя войскі, наземныя войскі, танкавыя войскі, ракетныя ці ядравыя – усё патрэбна».


Суразмоўца вітае актыўнасць польскага палітычнага класу ў кірунку ўзмацнення абароны. Брушэўскі адзначае, што ядравая зброя – толькі адзін з элементаў доўгага спісу сродкаў стрымлівання агрэсіі. Нагадвае пра нядаўнюю сустрэчу прэм’ера Туска з прэзідэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам, на якой абмяркоўваліся ў тым ліку пытанні абароны.


Але ж Польшча і так у NATO і Еўразвязе. Дамова пра Паўночнаатлантычны альянс славіцца артыкулам 5: напад на аднаго чальца роўны нападу на ўсіх. Такі артыкул 42(7) ёсць і ў дамове аб Еўрапейскім Звязе: пры нападзе на адну дзяржаву іншыя маюць падтрымаць ахвяру агрэсіі. 


Якія ёсць пагрозы, ад якіх абароніць ядравая зброя, але не абароняць NATO і Еўразвяз? Брушэўскі адказвае:

,,

«Расея ведае адну мову: мову сілы».


Аналітык адзначае: NATO стварылі для абароны не ад нейкіх фантастычных іншапланетнікаў, не ад нейкай гіпатэтычнай атакі, а ад Расеі. Удзел Польшчы ў NATO, ядравы парасон ад Францыі для іншых краінаў Еўропы ці амерыканская ядравая зброя на тэрыторыі Польшчы – кожны крок мае адвадзіць Расею ад атакі.


«Гэта не азначае, што Польшча хоча ядравай вайны з Расеяй, – тлумачыць Брушэўскі. – Ніхто яе не хоча! Ядравай вайны з Расеяй не хоча нават Украіна, бо гэта Расея – ядравая дзяржава, і менавіта гэтая дзяржава вядзе агрэсіўную палітыку».


Расея, паводле эксперта, мусіць зразумець, што Цэнтральную і Усходнюю Еўропу – Польшчу, Украіну, Чэхію, Славаччыну, вольную Беларусь – яднае жаданне быць незалежнымі і суверэннымі, а не быць савецкімі рэспублікамі ці расейскімі губернямі. Незалежнасць можна мець і без войска, ракетаў, самалётаў ці флоту, але такая незалежнасць толькі падсцябне такія краіны, як Расея. Высокая рызыка, што на безабаронную краіну нападзе агрэсіўная. Таму чым большае войска, тым лепш, рэзюмуе Брушэўскі: канвенцыйнае тое войска ці ядравае – заўсёды будзе карысць ад дадатковай абароны.


Калі Расея нападзе на Польшчу проста заўтра, а Штаты не заступяцца, ці здолее Польшча абараніцца?


Даўно гучаць засцярогі пра тое, што Расея можа праводзіць не толькі гібрыдныя атакі супраць краінаў Еўразвязу, але і напасці канвенцыйнымі сіламі ці «іхтамнетамі» і «зялёнымі чалавечкамі» без азнакаў, як у 2014 годзе напала на Украіну. Калі проста заўтра Расея атакуе, напрыклад, сувальскі калідор, ці здолее Польшча абараніцца без ядравай зброі? 

,,

«Мы размаўляем сёння, калі амерыканскія войскі – у Польшчы, дык гэтае пытанне беспадстаўнае», – адказвае Брушэўскі.


«Напад на Польшчу будзе азначаць напад на зямлю, дзе ёсць жаўнеры розных краінаў, але найперш, што ёсць вялікаю перавагаю, жаўнеры краіны нумар адзін у свеце. Дазвольце нагадаць вам, што ЗША маюць армію нумар адзін у свеце і валюту нумар адзін у свеце».


Тым часам прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп прыпыняў дапамогу Украіне і не раз пагражаў не бараніць краінаў NATO, якія не будуць рабіць дастатковага ўнёску ў абарону альянсу. Польшчы гэта не датычыць: яна выдаткоўвае на абарону значна больш за стандартныя для NATO 2 % валавога ўнутранага прадукту. Сёлета выдаткі на абарону маюць дасягнуць 4,7 % ВУП. Трамп нават хваліў Польшчу за такія выдаткі.

Што, калі Трамп раптам перадумае і пакіне Польшчу без амерыканскай абароны? Брушэўскі адказвае: на сёння ЗША не зрабілі нічога, што змяншала б гарантыі бяспекі, не выводзілі войскаў. Было б кепска, калі б такога элементу бяспекі не стала, але цяпер ён ёсць.


Брушэўскі заклікае адрозніваць ідэалогію ад геапалітыкі. Ідэалагічна шмат еўрапейскіх палітыкаў не любіць Трампа. Геапалітычна – іншая рэч: на нядаўнім лонданскім саміце еўрапейскія лідары не выступілі заменаю Штатаў, а толькі паказалі, што Штатам няма замены. 

,,

«Мы бачым пэўны ідэалагічны канфлікт між часткай еўрапейскіх элітаў і Доналдам Трампам, – кажа Брушэўскі. – Але гэта ніякім чынам не падрывае цяперашняй архітэктуры бяспекі, у якой амерыканцы выконваюць галоўную ролю ў Еўропе».


Трамп не прагне адмовіцца ад абароны Еўропы, перакананы суразмоўца, а хоча толькі, каб Еўропа тую абарону суфінансавала. Тое, што кажа Трамп, пасуе амерыканскаму платніку падаткаў: калі амерыканцы фінансуюць сваю абарону і абарону еўрапейскіх краінаў за рэдкімі выняткамі, то фінансавання не хопіць на нешта іншае. І наадварот: калі еўрапейскія краіны не інвестуюць у сваю абарону, а інвестуюць у эканоміку, навошта Штатам інвеставаць у іх абарону і не інвеставаць у сваю эканоміку? З такою логікаю цяжка паспрачацца, мяркуе Брушэўскі. 


Выказванні Трампа ён раіць успрымаць не як «я забіраю сваю абарону», а як «плаціце за абарону, як амерыканскі платнік падаткаў, купляйце амерыканскую зброю». Калі будуць плаціць, Трампу не будзе розніцы, плацяць праамерыканскія ці антыамерыканскія ўрады. Брушэўскі шкадуе толькі пра тое, што непазбежнасць высокіх выдаткаў на абарону ў Еўропе прынялі толькі цяпер. Ды лепш позна, як ніколі.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10