Арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч цяпер у шпіталі і праходзіць хіміятэрапію, паведаміў падчас святой Імшы ў Архікатэдральным касцёле ў Менску 13 сакавіка арцыбіскуп Іосіф Станеўскі, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, паведамляе katolik.life.
У Менску маліліся за здароўе Папы Рымскага і Тадэвуша Кандрусевіча. Адзначаецца, што арцыбіскуп сам адпраўляў святую імшу.
Мітрапаліт Іосіф Станеўскі апавёў, што Кандрусевіч па дарозе ў шпіталь тэлефанаваў і прасіў падзякаваць усім за малітву.
«Вернікі, знаёмыя з сітуацыяй, патлумачылі, што арцыбіскуп Кандрусевіч дасюль не быў шпіталізаваны і наведваў паліклініку, раніцаю 13 сакавіка адпраўляў святую імшу, настрой у яго аптымістычны», – піша katolik.life.
У лютым 2023 года Тадэвуш Кандрусевіч перанёс аперацыю, яму выдалілі пухліну. У траўні 2024-га яму рабілі аперацыю на сэрцы пасля інфаркту.
Раней у Кандрусевіча выявілі меланому (злаякасная пухліна скуры). 10 сакавіка стала вядома пра пагаршэнне стану ягонага здароўя.
Арсен Рудэнка belsat.eu