навіны

У Беларусі робяцца пускавыя сістэмы для «Арэшніку», а «ад старэйшага брата – ракета» – Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка адказвае на пытанні журналістаў у Маскве. 13 сакавіка 2025 года
Аляксандр Лукашэнка адказвае на пытанні журналістаў у Маскве. 13 сакавіка 2025 года. Фота: president.gov.by
podpis źródła zdjęcia

Пускавыя сістэмы для расейскай балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці «Арэшнік» вырабляюцца ў Беларусі. Некалькі ўжо амаль гатовыя, апавёў Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Маскву, перадае тэлеграм-канал «Пул первого».

Калі журналісты спыталі Аляксандра Лукашэнку, якая сітуацыя з «Арэшнікам», ён адказаў, што яго «яшчэ няма, працуем».

«Але калі я пагрузіўся ў гэтую праблему, Уладзімір Уладзіміравіч [Пуцін. – Заўв. рэд.] мяне пагрузіў, аказалася, што акрамя ракеты гэта ўсё трэба вырабляць, і мы гэта робім у Беларусі. Таму мы працуем над гэтым. Некалькі сістэмаў, пускавых сістэмаў, якія для "Арэшніку" прызначаныя, мы сёння ўжо фактычна заканчваем будаўніцтва і выраб. Ну, ад старэйшага брата ракета патрэбная будзе», – сказаў Лукашэнка.

Пра балістычную ракету «Арэшнік» стала шырока вядома ў лістападзе 2024 года. 21 лістапада Расея атакавала ёй украінскі горад Дняпро. Былі пашкоджаныя цывільныя ды інфраструктурныя аб'екты. Паводле Пуціна, гэта новая расейская распрацоўка. Расейскія СМІ адзначалі, што ракета таксама можа быць з ядравым набоем.

Неўзабаве Лукашэнка заявіў, што нібыта папрасіў Пуціна, каб на тэрыторыі Беларусі таксама з'явіўся «Арэшнік».


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10