Беларус пранік у схаваную частку беларускага TikTok з дапамогаю штучнага інтэлекту

Каб не патануць у акіяне тыктокаў, Кірыл Смяглікаў навучыў штучны інтэлект глядзець кароткія відэа і сістэматызаваць іх. Цяпер не трэба гадзінамі гартаць TikTok – можна выбраць тое, што цябе цікавіць, нават калі яно не завірусілася.

Наш госць – журналіст і дызайнер Кірыл Смяглікаў. Ён стварыў стартап «NEWStik» з думкаю пра журналістаў, якія шукаюць цікавыя гісторыі на TikTok. Алгарытмы сэрвісу робяць так, што бывае цяжка дакапацца да непапулярных відэа. Але менавіта там, у глыбінях, можа хавацца цікавая гісторыя.

Напрыклад, «NEWStik» знайшоў відэа, на якім беларус зняў на адной з беларускіх парковак грузавік той самай маркі, што і грузавік, на якім тэрмінатар Т-1000 гнаўся за Джонам Конарам у фільме «Тэрмінатар 2» (1991). Гэтае відэа магло застацца непапулярным, калі б «NEWStik» яго не адкапаў і не прапанаваў перапосціць «Еўрарадыё».

«NEWStik» карыстаецца штучным інтэлектам, навучаным працаваць з відэа, у першую чаргу – з беларускім сегментам TikTok.

А якія адносіны ў штучнага інтэлекту з беларускай мовай? Якое месца займае нашая мова ў віртуальным, лічбавым свеце?

Пра навінкі са свету высокіх тэхналогіяў распавядае нашая праграма «Навіны з будучыні».

Адукацыйную праграму «Мова нанова» з Віктарам Шукеловічам глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.