Лукашэнка зноў едзе ў Маскву. Як зменяцца адносіны Беларусі і Расеі з улікам паводзінаў ЗША? Якую ролю выконваюць Церцель і Пяткевіч і якая роля РФ у сыходзе Рамана Галоўчанкі? Спрачаюцца Дзмітрый Балкунец і Сяргей Бульба. Новы «Двубой» з Віталём Цыганковым.
На гэтым тыдні Лукашэнка паедзе ў Маскву. Як заўсёды, першы візіт – да «старэйшага брата». Ці можна казаць, што ў беларуска-расейскіх адносінах нешта зменіцца пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і ў звязку з новай палітыкай Вашынгтону, якую праводзіць Доналд Трамп? Ці ўсё застанецца як звычайна, бо інтарэсы Масквы не мяняюцца?
«Нейкія змены будуць. Трэба памятаць, што Лукашэнка не выканаў пагаднення, якое ў яго было з Пуціным заключанае – джэнтльменскае, магчыма, неджэнтльменскае – аб няўдзеле ў выбарах. Ён удзельнічаў у іх. Паглядзім, якія будуць вынікі. Пастфактум будуць глядзець, што з ім далей можна рабіць. Ці суверэнітэт выкручваць, ці штосьці іншае могуць там рабіць. Але Лукашэнка, бачна, спрабуе знайсці апору ў Злучаных Штатах, у Кітаі. А Кітай, бачна, ужо другі месяц яго не прымае», – тлумачыць палітолаг Дзмітрый Балкунец.
Сяргей Бульба, кіраўнік Паспалітага рушэння, непакоіцца праз новую вайсковую дамову Беларусі і Расеі, ратыфікаваную пасля навіны пра адкладанне нашай краінай вяртання крэдыту РФ памерам 800 млн долараў:
«Для чаго заключанае было нядаўна пагадненне пра размяшчэнне, магчымасць размяшчэння расейскіх войскаў? Мы бачым: Расея не збіраецца спыняцца. То бок яна не збіраецца [спыняцца] на тым, што яна яшчэ кавалак Украіны адкусіла. Яна не збіраецца спыняцца, гэта відаць па ейным развіцці ВПК, ваенна-прамысловага комплексу, што яны пераводзяць на рэжым работы 24/7. Мы бачым, што новыя прадпрыемствы арганізуюцца, нават беларусам прапанавана дроны выпускаць для Расеі. То бок Расея яўна дае зразумець, што мы не спыняемся, і пры гэтым глядзі, вось расейскія войскі выводзяцца на беларускую тэрыторыю з франтавой зоны з Украінай. Чым яны будуць займацца і што Лукашэнка зможа зрабіць? Вось для мяне, напрыклад, незразумелы статус такой базы, як Зябраўка, на гэты дзень. Зябраўка, Бокаў, два аэрадромы яны адкусілі. Але для чаго?».
Працяг дыскусіі глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.