Адна з прычынаў звальнення Паўла Калавура з пасады кіраўніка Нацыянальнага банку – ягоная нязгода з палітыкаю выдачы крэдытаў расейскім прадпрыемствам у канцы 2024 года, мяркуе кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
«У канцы 2024 года беларускія банкі выдалі расейскім прадпрыемствам крэдытаў на паўмільярда долараў. Гэтыя грошы маглі пайсці на школы, лякарні або дарогі ў Беларусі, але замест гэтага яны падтрымліваюць эканоміку Расеі – краіны, якая вядзе вайну супраць Украіны», – адзначыў Павел Латушка.
Палітык мяркуе, што Павел Калавур не пагадзіўся з такім падыходам, «за што і пацярпеў».
Латушка нагадвае, што прычына звароту расейцаў да беларускіх банкаў крыецца ў розніцы ставак: калі ў Расеі ўліковая стаўка ў 2024 годзе дасягнула 21 %, у Беларусі яна засталася на ўзроўні 9,5 %.

«Для расейскіх кампаніяў, што задыхаюцца пад санкцыямі і высокімі адсоткамі, беларускія крэдыты – гэта танная шчыліна», – мяркуе Латушка.
Спасылаючыся на звесткі Службы вонкавай выведкі Украіны, палітык паведаміў, што ў снежні 2024 года «Беларусбанк» і «Белаграпрамбанк» вылучылі расейскім прадпрыемствам не менш за $ 500 млн.
,,«Масква выкарыстоўвае Беларусь як пракладку для абыходу санкцыяў, а цяпер і як крыніцу таннага фінансавання. Пакуль Лукашэнка публічна патрабуе ад чыноўнікаў "шукаць грошы і інвестыцыі", ягоныя асабістыя дзеянні кажуць пра адваротнае: ён раздае рэсурсы Беларусі, пакідаючы ўласную краіну з пустымі кішэнямі», – канстатаваў Павел Латушка.
Палітык адзначае, што паўмільярда долараў – гэта значная сума для банкаўскай сістэмы Беларусі. У 2024 годзе доступ да недарагіх рэсурсаў для мясцовых прадпрыемстваў рэзка скараціўся менавіта праз тое, што прыярытэт аддалі расейскім пазычальнікам.
,,«Гэтае рашэнне падрывае беларускую эканоміку на ўсіх франтах», – мяркуе Павел Латушка.
Па-першае, таму, што гэта пазбаўляе сродкаў для развіцця мясцовы бізнес, што, як следства, спрыяе запаволенню эканамічнага росту. Па-другое, падрываецца ўстойлівасць банкаўскай сістэмы Беларусі: калі Расея не верне пазыкі, то беларускія банкі апынуцца на мяжы крызісу. Рызыка такога развіцця падзеяў, паводле палітыка, высокая.
Такім чынам Лукашэнка коштам дабрабыту Беларусі развязвае асабістую праблему – «умацаваць звяз з Масквою, каб захаваць падтрыманне, без якога рэжым абрынецца», мяркуе палітык.
«Паўмільярда долараў, якія пайшлі ў снежні 2024 года ў Расею, – гэта скрадзеныя магчымасці для беларускіх сем'яў, заводаў і гарадоў. Пакуль ён патрабуе ад чыноўнікаў ашчаджаць кожную капейку, сам раскідваецца сродкамі краіны, нібы яны нічога не значаць. Ягоны страх страціць уладу ператварыў Беларусь у закладніцу Крамля, а народ – у ахвяру палітычнай гульні», – падсумаваў Павел Латушка.
belsat.eu / МВ