У МУС прынялі інструкцыю пра тое, як будуць пазбаўляць і аднаўляць права на бясплатнае лячэнне для асобных катэгорыяў грамадзянаў у ведамасных установах аховы здароўя.
12 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі пастанову № 41 за 12 лютага 2025 года.
Дакумент датычыць сем'яў работнікаў ДФР КДК, Следчага камітэту, органаў унутраных справаў, МУС, МНС, ГКСЭ, якія маюць права на бясплатнае медычнае абслугоўванне. Таксама пад яго дзеянне трапляюць пенсіянеры і чальцы іхных семʼяў, якія служылі ў названых органах.
У інструкцыі прапісана, як складаюцца спісы грамадзянаў, якія маюць права на абслугоўванне ў ведамасных установах аховы здароўя. А пасля гэтага інфармацыйны цэнтр МУС будзе правяраць, ці ёсць у банку даных запісы пра парушэнні, што можа стацца падставаю для выключэння з такога спісу. Разглядаць спісы і прымаць адносна іх пастановы будзе адмысловая камісія, склад якой вызначаць у МУС.
У спісе адміністратыўных правапарушэнняў, за якія могуць пазбавіць права на бясплатнае медычнае абслугоўванне, пазначаныя пʼяная язда, прастытуцыя, прапаганда нацысцкай сімволікі. Таксама ў яго трапіў шэраг «экстрэмісцкіх правапарушэнняў»: наўмыснае блакаванне транспартавых камунікацыяў, выраб і распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі, непадпарадкаванне службовай асобе, абраза службовай асобы, парушэнне парадку правядзення масавых акцыяў.
Надзея Вольная belsat.eu