Кампанія «Rakuten Viber» – распрацоўнік вядомага мэсэнджару Viber, звольніла частку менскай каманды і распачала найм работнікаў у Польшчы, дзе плануе сёлета адкрыць офіс, піша «devby».
Офіс «Viber» працуе ў Менску з 2012 года. На пачатак 2025 года ў штаце было каля 150 работнікаў. У студзені частцы з іх, у тым ліку тым, хто меў кантракты на некалькі гадоў, паведамілі пра скарачэнні.
Скарачаюць не менш за 5 % ад усёй каманды, расказалі «devby» супрацоўнікі на ўмовах ананімнасці. Звальненні могуць быць звязаныя з аптымізацыяй расходаў пасля блакавання Viber у Расеі 13 снежня 2024 года.
Але ёсць таксама версія, што рэч у тым, нібы «Viber» сур’ёзна скараціў кірункі развіцця прадукту і таму аптымізаваў фінансы. На гэта ўказвае і скарачэнне гадавых прэміяў у менскім офісе, мяркуюць работнікі.
Працаўнікам, якія трапілі пад скарачэнні, прапаноўвалі звольніцца паводле згоды бакоў, давалі час на пошук новай працы і выплочвалі заробак за два месяцы.
Адначасова са скарачэннем менскай каманды «Viber» фактычна спыніў найм у Беларусі: на сайце кампаніі цяпер размешчаная толькі адна вакансія – Content Validation Specialist.
У студзені работнікам у Менску паведамілі пра планы фірмы адкрыць офіс у Польшчы цягам года. 11 сакавіка на сайце «Viber» з’явіліся 10 вакансіяў у Варшаве.
,,«Працаўнікі менскага офісу даўно хацелі рэлакацыю ў Польшчу. Пры гэтым частка старых работнікаў паспела туды пераехаць яшчэ ў 2020 годзе паводле РВН. Здаецца, у другой палове 2023 года ці ў пачатку 2024-га топ-менеджары абмяркоўвалі магчымасць адкрыцця офісу ў Польшчы. Чуў, што ў Варшаву нават прыязджала высокае кіраўніцтва з Ізраілю. Але па выніку сказалі, што дорага – сядзіце ці ў Менску, ці ў Грузіі. Відаць, пасля блакавання Viber у Расеі кампанія перагледзела свае планы», – апавёў адзін з работнікаў.
У польскі офіс плануецца наняць 50 чалавек. Суразмоўца «devby» кажа, што не чуў, каб супрацоўнікам менскага офісу прапаноўвалі рэлакацыю ў Польшчу. Паводле іншай крыніцы, «Viber» шукае ў польскую каманду тых, хто мае ІП у Польшчы і плануе прапанаваць ім гібрыдны характар працы ды заробак на ніжняй мяжы рынку, а таксама гадавую прэмію, меншую, чым у Беларусі.
«Усё выглядае так, што, ацаніўшы рызыкі пасля блакавання ў РФ, «Viber» пастанавіў паступова перанесці ў Польшчу асноўныя магутнасці ў распрацоўванні», – мяркуюць працаўнікі.
«Rakuten Viber» – міжнародная кампанія з цэнтрамі распрацоўвання ў Беларусі, Ізраілі, Грузіі. Яе заснаваў ізраільскі бізнесовец з расейскімі каранямі Ігар Магазіннік разам з партнёрам Тальмонам Марка. Беларуская юрыдычная асоба «Вайбер Медыя» была зарэгістраваная ў сакавіку 2012 года.
У жніўні 2020 года «Viber» сутыкаўся з перабоямі ў працы ў Беларусі праз блакаванне інтэрнэту. Генеральны дырэктар кампаніі Джамэль Агаўа тады казаў, што кампанія не можа інвеставаць у краіну, дзе людзі жывуць у страху.
У снежні 2024 года ў карыстальнікаў Viber у Беларусі з'явіліся праблемы з доступам да мэсэнджару пасля яго блакавання ў Расеі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu