навіны

Узмацненне кантролю? У Беларусі адкрылася новая памежная застава каля мяжы з Украінай

Новая памежная застава.
Новая памежная застава. Фота: / t.me/gomel_region_gov/
podpis źródła zdjęcia

У Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці адкрылася новая памежная застава «Нароўля», якая ўваходзіць у склад Мазырскага памежнага атраду. Яна ахоўвае больш за 60 кіламетраў беларуска-ўкраінскай мяжы.

Раней на гэтым участку размяшчаўся толькі памежны пост, аднак цяпер яго пераўтварылі ў паўнавартасную заставу. Новы комплекс уключае сучаснае абсталяванне і тэхніку, месцы для рамонту і захоўвання транспарту, а таксама гадавальнік для службовых сабак. Акрамя таго, тут пабудавалі спецыялізаваны гарадок і спартовыя аб’екты для фізічнай падрыхтоўкі памежнікаў.


На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прысутнічалі кіраўнік Дзяржпагранкамітэту генерал-маёр Канстанцін Моластаў і намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Бараноўскі.


Беларускія ўлады актыўна нарошчваюць кантроль на мяжы з Украінай. Толькі за мінулы год у Беларусі былі адкрыты дзве новыя памежныя заставы – «Баравое» ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці і «Махро» ў Іванаўскім раёне Берасцейскай вобласці.


Такое ўзмацненне памежнай інфраструктуры адбываецца на фоне працяглай вайны ва Украіне і пагаршэння адносінаў паміж Менскам і Кіевам. Улады Беларусі, якія падтрымліваюць Расею, працягваюць дэманстраваць узмоцненую бяспеку на паўднёвых рубяжах і займаюцца далейшай мілітарызацыяй памежнай зоны.


Нагадаем, 5 лютага на сустрэчы ў Кіеве з міністрам замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэйвідам Лэмі Ўладзімір Зяленскі згадаў Беларусь: ён упэўнены, што Пуцін зацягне яе ў вайну супраць Украіны напоўніцу.


Сам жа Пуцін унёс у Дзярждуму на ратыфікацыю дамову з Беларуссю пра гарантыі бяспекі. Гэтае пагадненне прадугледжвае стварэнне ў нашай краіне расейскіх вайсковых базаў, а таксама дазваляе войску Беларусі ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10