11 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя лісты ад амбасадараў Босніі і Герцагавіны, Буркіна-Фасо, Грузіі, Індыі, Кеніі, Лаосу, Малайзіі, М’янмы і Пакістану.
Пра гэта паведамляе ягоная прэс-служба. На цырымоніі Аляксандр Лукашэнка запэўніў дыпламатаў, што Беларусь «не такая, як выглядае звонку», і падкрэсліў мірны характар сваёй палітыкі.
У дыпламатычнай практыцы ўручэнне даверчых лістоў лічыцца актам прызнання легітымнасці кіраўніка дзяржавы. Дарэчы, пасля выбараў 2020 года, вынікі якіх выклікалі масавыя пратэсты і не былі прызнаныя Захадам, свае даверчыя лісты Лукашэнку ўручылі прадстаўнікі 63 дзяржаваў.
З цікавага: звяртаючыся да амбасадара Грузіі Гіёргі Саганэлідзэ, Лукашэнка выказаў падтрыманне грузінскаму ўраду ў «кроках адстойвання сваёй дзяржаўнасці і суверэнітэту». У адказ грузінскі амбасадар заявіў, што краіны мусяць шукаць пункты судакранання і развіваць узаемныя стасункі ў сферах, выгадных абодвум бакам.
Нагадаем, пасля апошніх выбараў і прыходу да ўлады прарасейскіх палітыкаў акцыі пратэстаў у Грузіі бесперапынна трываюць ужо некалькі месяцаў.
Надзея Вольная belsat.eu