навіны

Менскі чыноўнік прапанаваў шукаць вандалаў праз відэакамеры і пісаць пра іхнае пакаранне ў СМІ

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: «Белсат»
podpis źródła zdjęcia

Падчас сустрэчы «з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў сферы ЖКГ Першамайскага раёну» намеснік старшыні Менгарвыканкаму Алег Корзун абурыўся, што камунальнікі не звяртаюцца ў міліцыю для пошуку вандалаў, якія ламаюць лаўкі ці размалёўваюць сцены дамоў.

«У горадзе стае відэакамераў, каб знайсці хуліганаў, а дзейная пастанова Менгарсавету дазваляе спаганяць з іх пакрыццё шкоды ў 100-разовым памеры», – цытуе словы Алега Корзуна minsknews.by.


Прыклады пакаранняў Корзун прапануе змяшчаць у СМІ для «прафілактычнай працы».


Намеснік старшыні Менгарвыканкаму ўзняў і яшчэ адну праблему – «выпадкі некарэктнага закрыцця заявак, што паступаюць у службу 115». Высветлілася, што большасць прэтэнзіяў да камунальнікаў была звязаная з тым, што «выканаўцы працаў паводле заявак дасылаюць у пацверджанне сваіх дзеянняў фота іншых аб'ектаў».


Аднак кіраўнікі ЖЭУ запэўнілі, што насамрэч працы паводле заявак «выкананыя ў поўным абʼёме», а прыведзеныя прыклады – «тэхнічная памылка выканаўцаў».


Нагадаем, у Менгарвыканкаме ўжо не першы год абмяркоўваюць пашырэнне гарадской сеткі камераў відэаназірання. Чыноўнікі і міліцыянты плануюць павялічыць іх колькасць мінімум у тры разы.


Сістэма відэаманіторынгу, што выкарыстоўваецца ў Беларусі, называецца «Kipod», яе распрацавала кампанія «Synesis». З яе дапамогаю ў тым ліку ідэнтыфікуюць удзельнікаў пратэсных акцыяў.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10